Пошук

27.01.2018 21:18   Catholic.by

27 студзеня, у літургічны ўспамін благаслаўлёнага арцыбіскупа Юрыя Матулевіча, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вішневе. Нагодай для візіту іерарха ў гэтую парафію стала благаслаўленне абраза арцыбіскупа Матулевіча.

Арцыбіскуп падзякаваў пробашчу парафіі і вернікам за клопат аб аднаўленні гістарычнай святыні, знакам чаго з’яўляецца і новы абраз.

У гаміліі іерарх нагадаў вернікам біяграфію благаслаўлёнага арцыбіскупа. Ён нарадзіўся ў 1871 г. у Заходняй Літве недалёка ад Марыямпаля ў сялянскай сям’і. Потым распачаў фармацыю да святарства ў духоўнай семінарыі ў Кельцах. Калі царскія ўлады яе ліквідавалі, працягваў вучобу ў Варшаўскай семінарыі, а затым у Санкт-Пецярбургскай акадэміі. У 1898 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў сталіцы Расійскай імперыі, але для Кельцкай дыяцэзіі. У 1902 г. у Фрыбургскім універсітэце атрымаў тытул д-ра дагматычнай тэалогіі. Выкладаў у семінарыі ў Кельцах. Потым працаваў у Варшаве, дзе асаблівую ўвагу звяртаў на душпастырства моладзі. Пасля выкладаў у Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, бдучы кіраўніком кафедры сацыялогіі. У 1909 г. уступіў у манаскі ордэн марыянаў, які перажываў крызіс. З 1911 г. да смерці выконваў функцыі генерала ордэну марыянаў. Благаслаўлёны Матулевіч з’яўляецца таксама заснавальнікам манскіх супольнасцяў Сясцёр ад Беззаганнага Зачацця і Сясцёр служак Езуса ў Эўхарыстыі.

У 1918 г. ён быў прызначаны біскупам Віленскім, а ў 1925 г. — арцыбіскупам і Апостальскім візітатарам у Літве. Дзякуючы яго старанням быў падрыхтаваны і падпісаны канкардат паміж Літвой і Апостальскім Пасадам. Памёр нечакана пасля аперацыі на апендыцыт 27 студзеня 1927 г. 28 чэрвеня 1987 г., у год юбілею 600-годдзя Хросту Літвы, папа Ян Павел II беатыфікаваў яго.

Дэвізам яго біскупскага служэння былі словы «Зло перамагай дабром». Для сябе ён прасіў у Бога ласкі быць анучкай, якой сціраецца пыл на алтары, і спаліцца ў служэнні Касцёлу, як спальваецца свечка на алтары.

«Як ягоны дэвіз біскупскага служэння, так і жаданне быць анучкай і свечкай поўнасцю ажыццявіліся ў яго жыцці, — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Будучы літоўцам, ён аддана служыў людзям розных нацыянальнасцяў. Аб гэтым сведчыць той факт, што сваё прозвішча ён пісаў праз дэфіс: Матулайціс-Матулевіч. Сведчыць аб гэтым і яго ахвярнае служэнне ў Польшчы, Літве і Расіі».

Па словах Мітрапаліта, благаслаўлёны арцыбіскуп Матулевіч «не імкнуўся да славы, але прагнуў быць простай анучкай, якой ачышчаецца алтар ад пылу», «як мог, так з усіх сіл ачышчаў грахоўны пыл з душаў людзей». Будучы чалавекам слабога здароўя, ён «не шкадаваў сябе ў служэнні Касцёлу і людзям і сапраўды спаліўся, як свечка на алтары», «дабром перамагаў зло».

«Ян Павел II у гаміліі падчас святой Імшы беатыфікацыі Юрыя Матулевіча назваў яго сапраўдным слугой і апосталам Езуса Хрыста, які ахвярна і аддана выконваў святарскае служэнне, адзіным клопатам якога было збаўленне даручаных яго пастырскай апецы душ, — нагадаў арцыбіскуп Кандрусевіч. — Ён быў усім для ўсіх, як сапраўдны апостал адзінства народаў».

Мітрапаліт дадаў, што бл. Юрый Матулевіч, будучы біскупам Віленскім, наведваў парафіі і, напэўна, быў у Вішневе, бо гэтая парафія ў тыя часы належала да Віленскай дыяцэзіі.

Асаблівымі, як адзначыў Мітрапаліт, з’яўляюцца заслугі благаслаўлёнага ў аднаўленні манаскага ордэну марыянаў і заснаванні жаночых манаскіх супольнасцяў Сясцёр Беззаганнага Зачацця і Служак Езуса ў Эўхарыстыі. Яго духоўныя сыны і дочкі паспяхова працуюць у многіх краінах свету і таксама ў Беларусі.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў вернікам памятаць благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча, браць з яго прыклад і ў сваім жыцці практыкаваць ідэі гэтага вернага слугі Касцёла, духоўным сынам якога быў шматгадовы пробашч вішнеўскай парафіі святой памяці кс. Уладзіслаў Чарняўскі.

Абноўлена 29.01.2018 19:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.