Пошук

26.01.2018 14:23   Кс. Юзаф Сярпейка / Фота: Павел Галімаў / Catholic.by

У межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў 25 студзеня, у свята Навяртання св. апостала Паўла, у магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава пад кіраўніцтвам біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB адбылася супольная малітва прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій Магілёўшчыны, якая сабрала шматлікіх мясцовых вернікаў.

У малітве прынялі ўдзел прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы: ад Магілёўска-Мсціслаўскай епархіі — благачынны Магілёўскай гарадской акругі протаіерэй Сяргей Лабада, а ад Бабруйска-Быхаўскай епархіі — протаіерэй Дзмітрый Баркар. Грэка-Каталіцкую Царкву прадставіў айцец Васіль Ягораў, а пратэстанцкую супольнасць — галоўны пастар Прэсвітэрыянскай супольнасці Іван Масюра.

На малітве прысутнічаў і прадстаўнік дзяржаўнай улады — кіраўнік сектара па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Магілёўскім аблвыканкаме Сяргей Савенка.

     

Падчас супольнай малітвы прадстаўнікі Цэркваў і супольнасцяў выступілі з прамовамі. Протаіерэй Сяргей Лабада, перадаючы словы прывітання і лучнасці епіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія, падкрэсліў, як важна памятаць пра галоўную запаведзь Хрыста і трываць у любові да Бога і да бліжняга, «бо гэта якасць, якая асаблівым чынам адрознівае веруючага чалавека ад іншых».

«Там, дзе няма сапраўднай любові і пашаны адно да аднаго, узнікаюць падзелы, войны, няшчасці, пра што сведчаць канфлікты ў Сірыі, братняй Украіне і іншых частках свету.

Таму просім Бога, каб навучыў нас цаніць і ўцелаўляць у жыццё Яго запаведзь любіць адзін аднаго так, як Ён палюбіў нас», — завяршыў сваю прамову протаіерэй Сяргей.

Протаіерэй Дзмітрый Баркар у сваю чаргу выказаў словы прывітання епіскапа Бабруйскага і Быхаўскага Серафіма і засяродзіў увагу на патрэбе нястомнай малітвы.

«Малітва — гэта неад’емная частка нашай хрысціянскай сутнасці, гэта размова чалавека з Богам, просьба аб Божым дзеянні ў нашым жыцці і нашых справах. Шчырая і поўная даверу да Бога малітва заўсёды прыносіць плён: будзем жа трываць у ёй і асвячаць нашу штодзённасць малітвай».

Прадстаўнік Грэка-Каталіцкай Царквы айцец Васіль Ягораў у сваіх разважаннях над кнігай Быцця засяродзіўся на хрысціянскім разуменні каштоўнасці свабоды, якая «магчымая толькі тады, калі чалавек адкідае страх».

Пастар Прэсвітэрыянскай супольнасці Іван Масюра ўзгадаў словы Евангелля паводле Лукі (гл. Лк 9, 49–50), «якія павінны заахвоціць нас глядзець на іншых і адносіцца да іх па-братэрску, каб разам сведчыць аб хрысціянскіх каштоўнасцях, такіх неабходных сучаснаму свету і чалавеку».

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які на правах гаспадара прамаўляў апошнім, спачатку падзякаваў кожнаму прадстаўніку за прынятае запрашэнне далучыцца да малітвы за адзінства хрысціянаў і за супольную малітву, «каб усе былі адно», бо менавіта аб гэтым у сваёй Першасвятарскай малітве падчас Апошняй Вячэры маліўся сам Езус Хрыстус (гл. Ян 17).

«Апошняй малітвай Езуса, якой Ён маліўся перад тым, як узысці на крыж, была просьба аб адзінстве: „Каб яны былі адно, як і Мы адно“ (пар. Ян 17, 22). Гэтымі словамі Хрыстус хацеў паказаць, што сіла адзінства — гэта тое, што неабходна Містычнаму Целу Хрыста. У адзінстве ёсць вялікі патэнцыял, велізарная моц.

Езус разумеў важнасць таго, каб Яго Касцёл (як мы кажам у заходняй традыцыі), або Яго Царква (як кажуць ва ўсходняй традыцыі), Яго народ быў адзіным, цэласнасным, моцным, благаслаўлёным. Таму Ён маліўся за адзінства сваіх вернікаў, <…> бо ведаў, што, калі мы будзем адзіныя з Ім, адзіныя адны з другімі, тады ў нас будзе ўсё, што нам патрэбна», — адзначыў каталіцкі іерарх.

Пры гэтым адказны за Магілёўскі рэгіён біскуп Аляксандр падкрэсліў, што адзінства не азначае страты сваёй уласнай тоеснасці і прыгажосць. «У аркестры ўдзельнічае шмат розных інструментаў, і кожны музыка грае сваю партытуру. Мой вопыт ігры на скрыпцы ў школьным аркестры сведчыць, што падчас рэпетыцыі бывае шмат бязладнага шуму, але калі пачынае кіраваць дырыжор, то прыходзіць гармонія і льецца выдатная музыка. <…> Бог стварыў сваё Містычнае Цела, і ўсе Яго члены маюць сваё прызначэнне, іграюць сваю партытуру, але разам мы выконваем адзіны твор — Слова Божае. Дух Святы, як дырыжор, кіруе намі і вядзе нас да трыумфу, да перамогі».

На заканчэнне біскуп звярнуўся да ўдзельнікаў са словамі заахвочвання быць актыўнымі будаўнікамі адзінства, якое вядзе ў Божае Валадарства:

«У справе адзінства паміж вызнаўцамі Хрыста Бог хоча, каб мы не былі проста гледачамі: у Божым Валадарстве няма гледачоў, а ёсць толькі ўдзельнікі. Усе мы дзеці аднаго Бога, усіх нас збавіў адзін Збаўца, і ўсіх нас чакае адзіны дом Айца — Божае Валадарства».

Абноўлена 26.01.2018 15:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.