22 студзеня супольнасць вернікаў Касцёла на Піншчыне разам з навучэнцамі і фармарарамі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі сабраліся ў пінскай катэдры на набажэнства за адзінства хрысціянаў і святую Імшу, падчас якой маліліся аб паяднанні паміж падзеленымі хрысціянамі. Літургію ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
«Ut unum sint» (каб былі адно) — гэтыя знакамітыя словы Езуса Хрыста з Яго архісвятарскай малітвы за вучняў асабліва знаёмыя кожнаму наведвальніку пінскай катэдральнай базылікі.
Пад гербам біскупскай катэдры пры галоўным алтары святыні — маці ўсіх касцёлаў Палесся — гэтыя словы выпісаныя як пастырскі заклік біскупа Антонія Дзям’янкі.
Асаблівае значэнне гэтыя словы Езуса маюць у апошнія дні студзеня, калі перад святам Навяртання св. апостала Паўла ва ўсіх касцёлах свету адбываюцца адмысловыя набажэнствы аб еднасці паміж вызнаўцамі Хрыста.
Падчас святой Імшы ў гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка заахвоціў вернікаў прыняць як сваё асабістае пакліканне той заклік Езуса, які Ён у апошні вечар перад Крыжовай Мукай узносіў у малітве да Нябеснага Айца: «каб былі адно».
Іерарх заклікаў да старанняў, каб на кожным узроўні жыцця – сямейным, суседскім, працоўным – будаваць асяроддзе паяднання. Гэтая справа асабліва актуальная на Палессі, дзе грамадства і многія сем’і штодзень сустракаюцца са шматканфесійнасцю. Такая сітуацыя патрабуе вялікай узаемнай пашаны і старанняў, каб шукаць не таго, што дзеліць, а таго, што яднае ў Хрысце.
На справу малітваў і ўчынкаў, здзейсненых у духу хрысціянскага паяднання, біскуп Пінскі ўдзяліў усім вернікам апостальскае благаслаўленне.