Пошук

15.01.2018 14:34   Уладзіслаў Вянглінскі / Фота: Алена Сайка, Ала Пятліцкая / Catholic.by

13 студзеня ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне прайшла аплаткавая сустрэча сямейнага руху Equipes Notre-Dame, у якой прыняў удзел і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Традыцыйна на гэту сустрэчу з’язджаюцца хрысціянскія сем’і з усіх куткоў Беларусі, а таксама святары, якія з’яўляюцца духоўнымі дарадчыкамі руху. На сустрэчы было восем святароў і каля 30 сем’яў. Святочную Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі.

У сваёй гаміліі іерарх адзначыў важнасць адказнага падыходу да сямейнага жыцця і да выхавання дзяцей, а таксама заклікаў не раўняцца на «ідэальны вобраз» сямейнага жыцця, навязаны рэкламай і фільмамі.

Біскуп падкрэсліў, што ў сямейным жыцці сустракаюцца цяжкасці і праблемы, пры гэтым сумеснае пераадоленне сужэнцамі гэтых цяжкасцяў сведчыць аб праяўленні любові ў сямейным жыцці.

Іерарх заклікаў сем’і не губляць надзеі і заўсёды памятаць аб прыкладзе Святой Сям’і, жыццё якой не было ідэальным, а складалася з мноства выпрабаванняў і цяжкасцяў, якія яна мужна пераадолела ў любові і веры. Святы Юзаф і Панна Марыя не заўсёды разумелі, што адбываецца і навошта гэта трэба, але пры гэтым прымалі ўсё як ёсць.

«Святая Сям’я — гэта не толькі прыклад, які трэба наследаваць, але ў першую чаргу — таямніца сямейнай любові, схаваная ў цяжкасцях і клопатах», — адзначыў біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Іерарх таксама падкрэсліў, што сужэнцы, іх дзеці і родзічы — гэта Божы дар, і «мы павінны не баяцца прымаць гэты дар з любоўю».

«Будзьце адно для аднаго дарам Божым, майце цярплівасць і ўмацоўвайце кожны дзень сваю любоў, якая злучыла вас у сужэнстве», — завяршыў сваю гамілію іерарх.

Пасля святой Імшы ўдзельнікі сустрэчы былі запрошаны на дзяленне аплаткай, падчас якога сем’і, святары і біскуп віншавалі адно аднаго з Божым Нараджэннем.

Святочная праграма складалася з конкурсаў, песень і танцаў. Пасля былі падведзены вынікі працы руху Equipes Notre-Dame за 2017 год. Сем’і прыгадалі самыя значныя падзеі мінулага года, пазнаёміліся з новымі сем’ямі, адказнымі за работу руху, а таксама вызначылі накірункі развіцця на 2018 год.

У канцы сустрэчы, удзяляючы пастырскае благаслаўленне, біскуп Аляксандр Яшэўскі, які з’яўляецца біскупскім вікарыем для Магілёва і Магілёўскай вобласці, запрасіў сем’і прыехаць на Магілёўшчыну, каб распавесці мясцовым вернікам пра дзейнасць руху.

Суполкі Маці Божай Equipes Notre-Dame — міжнародны рух сужэнскай духоўнасці, галоўная мэта якога — спрыянне хрысціянскім сем’ям на шляху да святасці і дапамога ва ўзрастанні ў любові і веры.

Больш падрабязна пра рух Equipes Notre-Dame можна даведацца ТУТ>>

Даведкі па тэлефонах: velcom ‎(8044) 719 82 43, life ‎(8025) 926 25 86 (старонка суполкі Укантакце)

Абноўлена 15.01.2018 17:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа