З 4 па 6 студзеня ў супольнасці сясцёр кармэлітак Дзіцятка Езус, якія нясуць служэнне пры парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамавічах (Гродзенскі раён), прайшлі духоўныя практыкаванні для дзяўчат.
«Глядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб маглі называцца і быць дзецьмі Божымі» (пар. 1 Ян 3, 1), — менавіта над гэтымі словамі з Першага паслання святога апостала Яна разважалі дзяўчаты падчас рэкалекцый. Кожная ўдзельніца імкнулася ў малітве, у шчырым дыялогу з Богам знайсці свае адказы на важныя жыццёвыя пытанні: «Што значыць быць Божым дзіцем? Як застацца ім у сучасным свеце? Што мне ў гэтым перашкаджае?..»
На шляху духоўных практыкаванняў дзяўчат суправаджаў святар Павел Скуба, які служыць у лідскай парафіі Святой Сям’і. Ён дапамагаў дзяўчатам наблізіцца да Нябеснага Айца і адчуць Яго бязмежную любоў не толькі словамі рэкалекцыйных настаўленняў, а таксама ў сакрамэнтах паяднання (споведзі) і Эўхарыстыі.
Святар засяродзіў увагу ўдзельніц рэкалекцый на тым, што, каб называцца дзецьмі Бога і сапраўды быць імі, перш за ўсё трэба любіць адно аднаго, асабліва тых, хто жыве побач з намі. А гэта бывае няпроста. Менавіта да такой дзейснай любові ў штодзённым жыцці і заклікае нас улюбёны вучань Езуса святы Ян: «Дзеці, не будзем жа любіць словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю» (1 Ян 3, 18).