Пошук

08.01.2018 14:20   Sviatynia.by

7 студзеня, у свята Хросту Пана, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў ранішнюю святую Імшу ў бабруйскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

На пачатку Імшы іерарх прапанаваў парафіянам узгадаць свой уласны хрост, падзякаваць за яго Пану Богу, а таксама падзякаваць за бацькоў, хросных, святара, што ўдзяліў некалі гэты першы сакрамэнт.

Сам жа біскуп маліўся падчас Эўхарыстыі за ўвесь Бабруйскі дэканат, а асаблівым чынам за новыя пакліканні з бабруйскай парафіі і аб ласцы вытрымкі для тых, хто ўжо на шляху служэння Пану.

Іерарх звярнуў увагу, што святам Хросту Пана завяршаецца адзін з самых урачыстых перыядаў літургічнага года — Божае Нараджэнне. Біскуп пажадаў прысутным, каб для кожнага гэтае свята было не проста прыгожым і багатым на прыемныя пачуцці: у гэты час, акрамя радаснага святкавання, варта разважаць над тым, чаму Бог прыйшоў у наш свет і што гэта азначае для мяне, для майго жыцця ў вечнасці.

Біскуп казаў у гаміліі пра Святую Сям’ю, пра тое, як патрэбныя сёння свету такія святыя і моцныя сем’і. Па словах іерарха, варта памятаць, што людзі, дадзеныя нам у жыцці, — гэта дар ад Бога; наш сужэнец — гэта той адзіны і найлепшы чалавек, які патрэбны нам для ўзрастання ў святасці, ён — Божы дар нам, як Марыя была Божым дарам для Юзафа.

«Волю Божую выконваць нялёгка, — адзначыў біскуп, кажучы пра гісторыю Марыі і Юзафа. — Але гэта адзіная дарога, што вядзе да збаўлення і шчасця ў жыцці».

Узгадваючы словы «Ты — Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я», якія прамовіў Бог Айцец да Езуса Хрыста падчас Ягонага хросту ў Ярдане, біскуп заклікаў парафіян: «Кажыце кожны дзень гэтыя словы сваім дзецям: ты — мой сын умілаваны, ты – мая дачка ўмілаваная, цябе ўпадабаў я. Падтрымка і любоў вельмі важная для нашых дзяцей. Езус пасля гэтых словаў ад Айца пайшоў і тры гады служыў і сведчыў пра тое, які добры Ягоны Айцец».

Напрыканцы Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі благаславіў ваду, якую прынеслі з сабой парафіяне, і заахвоціў карыстацца ёй як мага часцей: пры выхадзе з дому, у цяжкіх сітуацыях, асабліва ў барацьбе са спакусамі.

Пасля Імшы прайшла аплаткавая сустрэча біскупа з вернікамі. Парафіяне падыходзілі да іерарха, каб выказаць яму віншаванні з Божым Нараджэннем і атрымаць благаслаўленне.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця