Парафіяльную ўрачыстасць у мінскай парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ 27 снежня ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
Візіт у гэту мінскую парафію стаў першым у біскупскім служэнні іерарха.
У сваёй гаміліі біскуп падрабязна спыніўся на постаці святога апостала Яна, назваўшы яго «старанным прапаведнікам вучэння Хрыста», які напісаў Евангелле, тры пасланні і Апакаліпсіс.
«Ці задумваліся вы калі-небудзь над тым, наколькі вялікай і бясконцай з’яўляецца веліч апосталаў і ў чым была іх галоўная сіла? У тым, што прапаведваннем Евангелля яны ахапілі ўвесь Божы свет».
Усе апосталы, акрамя ап. Яна, зведалі мучаніцкую смерць
Гаворачы пра паходжанне апосталаў, біскуп прыгадаў, што іх галоўнай зброяй было Божае слова, бо яны былі беднымі і неадукаванымі галілейскімі рыбакамі. Тым не менш, як адзначыў біскуп, гэта не перашкодзіла ім зрынуць язычніцкую рэлігію Рымскай імперыі і «ўзвысіць на яе руінах крыж Хрыста».
Паводле слоў іерарха, справа евангелізацыі каштавала апосталам жыцця — усе яны, за выключэннем апостала Яна, прынялі мучаніцкую смерць, некаторыя — у жудасных пакутах.
«З апостала Барталамея здзерлі ўсю скуру. Апостал Мацвей памёр страшнай смерцю ў Эфіопіі. І хоць толькі апостал Ян памёр натуральнай смерцю, але і ён не пазбег пакут і цяжкіх ганенняў. Па загадзе язычніцкага імператара яго кінулі ў кацёл, у якім кіпелі масла і сера, але сілай Божай ён застаўся цэлы, пасля чаго быў сасланы на скалісты востраў Патмос, куды ссылалі толькі найцяжэйшых злачынцаў», — сказаў біскуп.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі нагадаў, што апостал Ян займае асаблівае месца ў Бібліі.
Святы Ян ляжаў на грудзях Езуса падчас Апошняй Вячэры, і менавіта ён спытаўся ў Збаўцы пра здрадніка (пар Ян 13, 25). Гэты апостал быў адным з тых выбраных, у прысутнасці якіх Хрыстус перамяніўся на гары Табор...
Менавіта святому Яну ў апошнія хвіліны свайго жыцця аддаў у апеку Найсвяцеўшую Маці Езус (пар Ян 19, 26-27).
Асобна біскуп падкрэсліў ролю Евангелля паводле Яна, у якім «знаходзяцца безумоўныя доказы боскасці Езуса Хрыста».
«Святы Ян — настаўнік любові»
Іерарх падкрэсліў, што святы Ян, апостал і евангеліст, быў вялікім настаўнікам і сведкам любові:
«Наколькі глыбока апостал быў прасякнуты любоўю да людзей, нам распавядае традыцыя: калі святы Ян быў у глыбокай старасці і не мог рухацца і шмат гаварыць, то тым, хто да яго прыходзіў, ён увесь час паўтараў: “Дзеці, любіце адно аднаго”. Калі яго спыталі, чаму ён так часта паўтарае гэтыя словы, той адказваў: “Хто выканаў запаведзь любові, той выканаў усе запаведзі”».
Біскуп нагадаў, што, праслаўляючы св. Яна, заўсёды трэба памятаць і выконваць яго словы — «Дзеці, любіце адно аднаго».
«Будзем жа імкнуцца наследаваць у жыцці святога Яна, каб быць хрысціянамі не толькі на словах, але і ў дзеяннях», — заключыў іерарх.
На завяршэнне святой Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі благаславіў таксама прынесенае парафіянамі віно ва ўспамін учыненага св. Янам цуду, калі атручанае віно пасля яго благаслаўлення не прынесла шкоды.