Пошук

28.12.2017 10:56   Фота: Артур Ляшнеўскі SDB / Catholic.by

27 снежня, на трэці дзень святаў Божага Нараджэння, у Мінскім абласным шпіталі, у якім пастырствам займаюцца айцы салезіяне з Бараўлян, адбылася аплаткавая сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з медперсаналам і хворымі.

Арцыбіскуп падзякаваў дырэкцыі шпіталя за магчымасць духоўна дапамагаць хворым, што з’яўляецца вельмі важным з пункту гледжання іх лячэння. Як адзначыў Мітрапаліт, чалавек — гэта не толькі цела, але яшчэ і душа. «Здаровы чалавек толькі тады, калі ён здаровы целам і душой. Як кажа прыказка, у здаровым целе здаровы дух. Таму намаганні як урачоў, так і святароў накіраваны на адно: а менавіта на здароўе чалавека», — сказаў іерарх.

Па словах арцыпастыра, у клопаце пра здароўе чалавека ўрачы павінны прытрымлівацца нормаў хрысціянскай і медыцынскай этыкі, «што з кожным днём становіцца ўсё больш складана, бо амаральнае выкарыстоўванне дасягненняў навукі спрыяе дэградацыі духоўных каштоўнасцяў». Без захавання этычных норм, як заўважыў іерарх, развіццё навукі пагражае духоўным знявольваннем, што асабліва важна ў медыцыне. Як дадаў Мітрапаліт, неабходна памятаць, што «веды павінны служыць дабру чалавека, а не яго адчужэнню».

   

«Ад нас, людзей, і ў прыватнасці працаўнікоў службы аховы здароўя, залежыць, як мы будзем ставіцца да пацыента. Трэба памятаць аб тым, што пацыент — гэта Богам створаная асоба, якую трэба лячыць. З маральнага пункту гледжання нельга маніпуляваць чалавечым жыццём, бо гэта Божы дар і толькі Бог можа ім распараджацца», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Мітрапаліт звярнуў увагу, што свята Божага Нараджэння — «гэта свята жыцця», а ўрачы, лечачы хворых, «ствараюць ім свята, бо вяртаюць здароўе».

Арцыбіскуп павіншаваў медыкаў і хворых са святамі Божага Нараджэння і пажадаў ім апекі Немаўлятка Езуса. Медыкам іерарх пажадаў Божага благаслаўлення ў адказным служэнні людзям з мэтай захаваць ім здароўе, хворым — хутчэйшага выздараўлення, а ўсім разам — ласкі і супакою Езуса на святы і на наступаючы Новы год.

Абноўлена 28.12.2017 11:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.