22 снежня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе завяршыліся раратнія Імшы для дзяцей і моладзі.
Рараты – святая Імша, прысвечаная Найсвяцейшай Панне Марыі, у якой прымалі ўдзел маленькія парафіяне, – адбывалася ў 7 гадзін раніцы па панядзелках, серадах і пятніцах. Нягледзячы на ранні час, у лідскай парафіі на ёй збіраецца вельмі шмат людзей усіх узростаў. Яшчэ адна асаблівасць гэтых Імшаў – свечка, якая стаіць ля алтара і сімвалізуе Найсвяцейшую Панну. Удзельнікі Раратаў трымаюць запаленыя ліхтарыкі, якія звязваюць іх з чуваючай Марыяй. Іх значэнне можна знайсці таксама ў Евангеллі, дзе гаворыцца пра паннаў неразумных і паннаў разважлівых, якія чакаюць з лямпамі ў руках.
Кожны год у лідскім касцёле ў гэты час праходзіць традыцыйны конкурс на лепшы ліхтарык, зроблены сваімі рукамі, у якім тры прызавыя месцы. На працягу Адвэнту дзеці збіралі прыгожыя малюнкі. За ўдзел у раратніх Імшах усе яны атрымалі прыемныя падарункі.