На досвітку ў першы дзень каляндарнай зімы арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Рартнюю святую Імшу ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.
Разам з іерархам маліўся пробашч сталічнай катэдральнай парафіі ксёндз канонік Антоній Клімантовіч.
У прамоўленай гаміліі заслужаны ірарх адзначыў, што «разам з Марыяй мы перажываем Адвэнт — час падрыхтоўкі і чакання прыйсця Збаўцы».
Праз прызму евангельскай прыпавесці пра два падмуркі, адзін з якіх быў закладзены на пяску, а другі — на скале, арцыпастыр падкрэсліў, што надзейным фундаментам нашай веры з’яўляецца Слова Божае, якое дзейснае і ніколі не мінае.
Арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў вернікаў быць «жывымі сведкамі хрысціянства, быць соллю зямлі і святлом свету, каб зберагчы яго ад маральнага раскладу.
Гэтага можна дасягнуць тады, калі па прыкладу Марыі будзем згаджацца з Божай воляй і дапамагаць бліжнім у іх патрэбах», — сцвердзіў іерарх.
На заканчэнне ён звярнуў увагу на асобу Найсвяцейшай Панны Марыі, якая, пачуўшы слова Анёла ў момант звеставання, адразу выказала сваё жаданне падпарадкавацца Божай волі і дзейнічаць у адпаведнасці з ёю. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў пажаданне, каб наша вера не была толькі на словах, а была «верай дзеяння».