Пошук


19 снежня ў касцёле святога Андрэя Баболі ў Полацку прашла аплаткавая сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі. На сустрэчы сабралося больш за сто святароў і манахінь, каб павіншаваць адзін аднаго і біскупа Віцебскага Алега Буткевіча з надыходзячымі святамі.

Сустрэча пачалася малітвай у цішыні перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Таксама была магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння.

На пачатку біскуп Алег Буткевіч адзначыў, што гэтая сустрэча мае асаблівае значэнне, бо праходзіць у год юбілею 500-годдзя кнігадрукавання, 500-годдзя нараджэння Божага слова па-беларуску, і тут Полацк адыгрывае асаблівую ролю.

Адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Буткевіч. Ва ўступным слове іерарх прывітаў прысутных: духавенства, манаскіх асобаў, святароў Грэка-Каталіцкай Царквы і прадстаўнікоў каталіцкай прэсы.

У гаміліі біскуп разважаў пра Божую моц. «Сённяшняе Божае слова нагадвае пра тую вялікую Божую моц, якая не кіруецца чалавечымі намерамі, не страчвае ахвоту, калі чалавек ёй не давярае, а здзяйсняе сваё. Моц, якую Бог дае абраным людзям. Моц, якая павінна была перамяніць гэты свет, чалавечае сэрца. Мы з вамі з’яўляемся тымі, хто патрапіў у гэты шэраг пакліканых людзей, каму Бог даверыў гэту моц. Мы яе маем.

Свята Божага Нараджэння – добрая нагода, каб яшчэ раз гэта ўсвядоміць. Гэтай моцы чакаюць і шукаць людзі, якім сёння служым. І таямніцу Божага Нараджэння людзі, можа, і несвядома, але бачаць у нас. І тым мацней гарнуцца да святароў і сясцёр, чым больш гэтую моц адчуваюць. Зараз толькі пытанне — калі і якія ёсць умовы, каб яна праявілася», — сказаў іерарх.

Пасля Імшы разглядаліся надзённыя пытанні Касцёла ў дыяцэзіі, канцлер кс. Віктар Місевіч пазнаёміў прысутных з запланаванымі падзеямі і неабходнымі справаздачамі. Пасля ардынарый са смуткам паведаміў, што ў гэты дзень свае паўнамоцтвы афіцыяла суда Віцебскай дыяцэзіі складае а. Сяргей Мацюшонак, які накіраваны ў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію. Біскуп падзякаваў айцу капуцыну за служэнне, за тое, што за кароткі час змог узняць на высокі ўзровень суд Віцебскай дыяцэзіі. Іерарх уручыў а. Сяргею Мацюшонку падзяку, каб яна нагадвала пра працу ў дыяцэзіі і пра тое, што тут яго заўсёды чакаюць.

Затым удзельнікі сустрэчы падзяліліся аплаткай і выказалі адзін аднаму віншаванні.

Абноўлена 21.12.2017 09:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця