Ізраільскія археолагі знайшлі пад Іерусалімам руіны старажытнага візантыйскага манастыра і царквы ўзростам 1,5 тысячы гадоў з добра захаванымі каляровымі мазаікамі. Пра гэта паведамілі ва Упраўленні старажытнасцяў Ізраіля.
Па словах кіраўніка раскопкаў Біньяміна Сторхана, гэта вялікі манастыр з царквою V-VII стагоддзяў. «Мы ўбачылі памер сцен і зразумелі, што гаворка ідзе пра вялікі манастыр, у якім была цудоўная царква… Манастыр і царква адносяцца да сярэдзіны V — пачатку VII стагоддзя нашай эры», — распавёў Сторхан.
Археолаг патлумачыў, што старажытны комплекс знаходзіцца крыху паўночней ад даліны Ха-Эла, вядомай як месца, дзе адбылася бітва Давіда і Галіяфа.
Па словах спецыяліста, у канцы візантыйскай эпохі ўвесь комплекс будынкаў і царква былі закінутыя.
На падлозе старажытных будынкаў археолагі знайшлі каляровыя мазаікі. «На гэтым тыдні мы дабраліся да адной часткі падлогі з дзіўнай каляровай мазаікай… Нас па-сапраўднаму здзівіла, што мазаіка цудоўна захавалася», — дадаў Сторхан.
Археолаг Нафталі Айзік дэманструе «дзіўныя артэфакты», знойдзеныя на месцы раскопак: старажытныя крыжы, аскепкі мармуровых аконных рашотак, рыбалоўны кручок, керамічныя вырабы і ўпрыгожванні, а таксама падсвечнікі эпохі Абасідаў, якія поўнасцю захаваліся.
У раскопках візантыйскага манастыра ўдзельнічалі больш за тысячу навучэнцаў розных школ і каледжаў. «Мы хацелі знайсці месца, дзе можна падзарабіць на паездку ў Польшчу. Археалагічныя раскопкі па-сапраўднаму набліжаюць нас да Ізраіля, да нашых каранёў. Пад маімі нагамі — цэлая гісторыя майго народа», — заключыла вучаніца сярэдняй школы Хадас Кейт.