Каталіцкі Касцёл у Беларусі мае намер адбудаваць у Бялынічах санктуарый Маці Божай. Пра гэта на каляднай прэс-канферэнцыі заявіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
Паводле слоў іерарха, які з’яўляецца біскупскім вікарыем для Магілёва і Магілёўскай вобласці, адраджэнне былой славы санктуарыя немагчыма, аднак, без вяртання абраза Маці Божай Бялыніцкай.
«Мы маем намер прасіць аб выдзяленні для Касцёла зямельнага надзелу, каб пабудаваць там санктуарый, — адзначыў іерарх. — Таксама мы працуем над пошукам арыгінала або першых копій абраза Маці Божай Бялыніцкай, аднаго з найбольш шанаваных абразоў на беларускіх землях».
Біскуп нагадаў, што санктуарый у Бялынічах нездарма раней называлі «беларускай Чэнстаховай»:
«Дзякуючы цудадзейнаму абразу Бялынічы былі вельмі вядомым месцам на нашых землях. Пачынаючы з канца XVIII стагоддзя туды рэгулярна ішлі пілігрымкі. Бялыніцкі абраз стаў у свой час другім абразом на тэрыторыі Беларусі пасля абраза Маці Божай Жыровіцкай, каранаваным папскімі каронамі».
Санктуарыем, які не перажыў выпрабаванні гісторыі, тады апекаваліся айцы кармэліты абутыя. Калісьці іх ордэн утрымліваў больш за 10 кляштараў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. На тэрыторыі адной толькі Магілёўшчыны ў іх было сем (!) пляцовак.
На пытанне Catholic.by пра магчымую далейшую апеку над будучым санктуарыем законнікаў біскуп Яшэўскі адзначыў, што з такой прапановай звяртаўся да шэрагу манаскіх супольнасцяў Беларусі (кармэліты абутыя сёння больш не нясуць служэнне ў Беларусі).
«Перамовы з тымі законнікамі, якія прысутныя сёння ў Беларусі, былі. Але нашы манаскія супольнасці яшчэ толькі адраджаюцца пасля часоў атэізму і не з’яўляюцца настолькі шматлікімі, каб мець магчымасць абслугоўваць санктуарый», — заключыў іерарх.
Сёння ў Бялынічах дзейнічае абноўленая капліца.
Калядная прэс-канферэнцыя прайшла 19 снежня ў Мітрапалітальнай курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з удзелам Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і дапаможных біскупаў Аляксандра Яшэўскага SDB і Юрыя Касабуцкага.