Пошук

25.09.2017 15:27   Кс. Юзаф Сярпейка / Фота: Васіль Цітоў / Catholic.by

У Бялынічах 24 верасня прайшлі ўрачыстасці Маці Божай, у якіх прымалі ўдзел вернікі і духоўныя асобы Магілёўшчыны.

Бялыніцкі абраз — другі па ліку пасля абраза Маці Божай Жыровіцкай на тэрыторыі Беларусі, які быў ушанаваны папскімі каронамі. Каранацыя абраза ў Бялынічах адбылася ў 1761 годзе.

Паводле гістарычных звестак, у ХVІІІ–ХІХ стст. абраз, якi знаходзiўся ў мясцовым касцёле кармэлiтаў абутых, збіраў пілігрымаў усiх хрысцiянскiх канфесiй. Існавала таксама кніга, у якой запісваліся цуды за 1725–1836 гг.

У гады вайны абраз захоўваўся ў Магiлёўскiм абласным краязнаўчым музеі, адкуль знiк, і да сёння яго месцазнаходжанне невядома.

23 верасня ўжо ў другі раз з Магілёва ў Бялынічы вырушыла пешая пілігрымка на чале з біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB.

У пілігрымцы прынялі ўдзел амаль 100 чалавек, сярод якіх былі вернікі, святары і кансэкраваныя асобы з парафій Магілёва, Рубяжэвіч, Барысава, Дзяржынска і Вілейкі.

Пры адноўленай бялыніцкай святыні, якую перабудавалі са звычайнай драўлянай хаты ў прыгожую капліцу, пілігрымаў прывітаў пробашч бялыніцкай парафіі кс. Віталь Маргуноў.

У 15 гадзін тут распачалася адпустовая святая Імша, якую ўзначаліў запрошаны біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

У гаміліі, разважаючы над Божым словам, іерарх згадаў пра велічныя справы Божага Провіду ў тым, што не пакінуў вернікаў без апекі, пасылаючы знакі сваёй прысутнасці ў розныя месцы праз цудоўныя аб’яўленні Божай Маці.

Пасля Імшы біскуп Алег Буткевіч асвяціў муры адноўленай капліцы.

«Ужо сёння запрашаем у ІІІ пілігрымку Магілёў-Бялынічы, якая вырушыць на Бялыніцкі фэст 22 верасня 2018 года з Магілёва, — дадаў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. — Адначасова запрашаем арганізаваць і іншыя адмысловыя пілігрымкі з вашых парафій, гарадоў і мястэчак да Маці Божай Бялыніцкай — “Валадаркі зямлі Магілёўскай”».

Абноўлена 26.09.2017 14:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа