Пошук

18.12.2017 12:03   Catholic.by

Дні засяроджання для дзяўчат пад дэвізам «Затрымайся, паслухай у цiшынi» ў чарговы раз прайшлі ў кляштары сясцёр кармэлітак Дзіцятка Езус у Гудагаі.

Час правядзення гэтых духоўных практыкаванняў у час Адвэнту спрыяў таму, каб зрабiць прыпынак i ўстрымацца ад штодзённых клопатаў, якiя часам перашкаджаюць паглядзець, як i чым я жыву, якiя маю адносіны з Богам і чаго чакаю ад Нараджэння Хрыста.

Усяму гэтаму спрыялі цiшыня, малiтва, адарацыя і разважанні. Сваімі ўражаннямі падзяліліся ўдзельніцы адмысловых рэкалекцый.

Вольга Шафран:

— Кожныя Дні цішыні ў сясцёр кармэлітак Дзіцятка Езус у Гудагаі — яшчэ адна магчымасць зазірнуць глыбей у сваё сэрца, убачыць раненні, у якіх ужо пэўны час можа быць адкрыты крывацёк.

Зразумела, у такі час патрэба прыйсці на «кансультацыю» да самага лепшага Лекара, распачынаючы «курс лячэння» ў самага лепшага «Рэабілітолага», асабліва вострая. Тым больш, усе ўмовы спрыяюць гэтаму: адчыненая праз увесь час капліца, маўклівасць навакольнага асяроддзя, гасціннасць сясцёр-гаспадынь, шчырасць і адкрытасць дзяўчат.

Да глыбокіх разважанняў натхнялі таксама канферэнцыі кс. Юрыя Ясевiча і а. Юрыя Кулая OCD.

Кацярына Крыжэўская:

— Прыемна было адпачыць у коле добрай кампаніі, пагаманіць за кубкам гарбаты, больш даведацца пра тое, чым жывуць і як працуюць прадстаўнікі розных прафесій.

За ўсіх, каго сустрэлі, і за тое, што сустрэла нас за гэтыя два дні, дзякуем Пану Богу! Асобныя словы падзякі выказваем арганізатарам нашых Дзён цішыні: за магчымасць быць побач, за клопат пра нас, ахвярнасць і працу, простую ўсмешку і падтрымку, за прыклад! Памятаем у малітвах і чакаем новых сустрэч!

Абноўлена 18.12.2017 12:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.