Пошук

11.12.2017 11:41   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

Міжнародная канферэнцыя, прысвечаная постаці 13-га Магілёўскага Мітрапаліта Вінцэнта Ключынскага, ураджэнца Беларусі, прайшла 4 снежня ў Дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі ў Пецярбургу.

Канферэнцыя была прымеркавана да 100-ых угодкаў смерці мітрапаліта. Арганізатарамі выступілі Кангрэгацыя сясцёр ад Анёлаў, заснавальнікам якой быў іерарх, пры ўдзеле ксяндза Кшыштафа Пажарскага, пробашча касцёла Святога Станіслава ў Пецярбургу.

На канферэнцыю ў Санкт-Пецярбург прыехалі 12 сясцёр з Польшчы, Расіі, Украіны, Літвы і Беларусі на чале з генеральнай настаяцельніцай.

Канфэрэнцыя распачалася 3 снежня святой Імшой у касцёле святога Станіслава ў Пецярбургу. Постаці Мітрапаліта Ключынскага і яго рэлігійнаму служэнню прысвяціў сваю гамілію ксёндз Кшыштаф Пажарскі, нагадаўшы аб духоўных плёнах яго дзейнасці — заснаванні таемнай манаскай Кангрэгацыі сясцёр ад Анёлаў.

Прывітальныя лісты да ўдзельнікаў канферэнцыі даслалі Апостальскі Нунцый у Расіі Чэлестыно Мільорэ, арцыбіскуп мітрапаліт архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве Паоло Пеццы, і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Пасля Імшы Ганна Мрочак з Польшчы прадставіла прысутным перакладзеную на рускую мову кнігу «Наш отец. Архиепископ Викентий Ключинский 1847 — 1917».

У той жа дзень у касцёле адкрылі выставу, прысвечаную жыццю і дзейнасці Мітрапаліта Ключынскага.

Пасля Імшы ксёндз Кшыштаф Пажарскі правёў для ўдзельнікаў канферэнцыі экскурсію па гістарычных мясцінах Пецярбурга, звязаных з жыццём і дзейнасцю мітрапаліта Вінцэнта Ключынскага.

Удзельнікі канферэнцыі ўбачылі дом Дзяржавіна на набярэжнай Фантанкі, дзе знаходзілася рыма-каталіцкая Духоўная калегія і рэзідэнцыя магілёўскіх мітрапалітаў, будынак рыма-каталіцкай Духоўнай акадэміі, дзе ў 1867 – 1871 гг. вучыўся будучы Мітрапаліт, наведалі касцёл святой Кацярыны, у якім 16 мая 1910 г. адбылося біскупскае пасвячэнне Вінцэнта Ключынскага, а таксама касцёл Наведвання Паннай Марыяй святой Альжбеты на Выбаргскіх могілках, у крыпце якога у 1917 — 1929 гг. знаходзіўся прах іерарха.

4 снежня ў Дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі ў Пецярбургу былі прачытаны даклады, прысвечаныя жыццю і дзейнасці Мітрапаліта Ключынскага. Усяго прагучала шэсць дакладаў.

Ксёндз Кшыштаф Пажарскі азнаёміў прысутных з архіўнымі фатаздымкамі, звязанымі з жыццём і дзейнасцю іерарха. Ганна Мрочак з Польшчы, доктар тэалогіі, прачытала даклад на тэму «Святар Вінцэнт Ключынскі як натхняльнік Анёльскага руху і заснавальнік манаскай Кангрэгацыі анёлаў».

Алена Бысь з Украіны, кандыдат юрыдычных навук, распавяла пра ўклад Мітрапаліта Ключынскага ў вырашэнне праблемы змешаных шлюбаў у Расіі у 1910 — 1913 гг. Праблеме адлюстравання постаці Мітрапаліта Ключынскага на старонках сучасных беларускіх выданняў быў прысвечаны даклад Марыны Пашук з Беларусі, доктара тэалогіі. Гісторыі парафій Новы Пагост і Шаркаўшчына — месцы нараджэння і хрышчэння Мітрапаліта, быў прысвечаны даклад Кацярыны Лаўрыненкі з Беларусі, кандыдата гістарычных навук і магістра тэалогіі.

Яўген Разэнблюм з Расіі распавёў аб адным з найбольш рэзанансных спраў у прэсе часоў мітрапаліта Ключынскага — «справе Бейліса».

Мітрапаліт Вінцэнт Ключынскі нарадзіўся 30 верасня 1847 г. у Шаркаўшчыне (на той час належала да парафіі Пагост) у сям’і Адольфа і Францішкі з Корсакаў. 5 кастрычніка ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Пагосце вікарый парафіі кс. Ігнат Сталыхва ўдзяліў сакрамэнт хросту Вікенцію Ключынскаму.

Да святарства ён рыхтаваўся ў Вільні і Санкт-Пецярбургу. 23 кастрычніка 1871 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае яму біскупам Жмудскім Мацвеем Казімірам Валанчэўскім у Коўне. Быў выкладчыкам рыма-каталіцкай семінарыі ў Вільні. 31 сакавіка 1889 г. стварыў Кангрэгацыю сясцёр ад Анёлаў.

16 мая 1910 г. атрымаў біскупскае пасвячэнне і ўзначаліў Магілёўскую мітраполію. У жніўні 1914 г. Мітрапаліт Ключынскі выйшаў у адстаўку.

11 лютага 1917 г. памёр у Крыме. 27 лютага таго ж года яго цела было перавезена ў Пецярбург. У крыпце касцёла Наведвання Паннай Марыяй святой Альжбеты на Выбаргскіх могілках у 1917 — 1929 гг. знаходзіўся прах іерарха. 16 красавіка 1929 г. прах урачыста быў перанесены ў катэдральны касцёл у Вільні.

На пачатку 2000–ых гг. у Віцебскай дыяцэзіі быў распачаты дыяцэзіяльны працэс беатыфікацыі Мітрапаліта. На сёння ён прыпынены, аднак манахіні з Кангрэгацыі сясцёр ад Анёлаў спадзяюцца, што неўзабаве беатыфікацыйны працэс будзе адноўлены.

       

 

Абноўлена 11.12.2017 11:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа