Пошук

07.12.2017 10:02   Catholic.by

7 снежня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў раратнюю Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле.

У гаміліі іерарх нагадаў сабраным вернікам, што ў гэты дзень Касцёл успамінае св. Амброзія, доктара Касцёла, біскупа Мілана. Ён з’яўляеццца найбольш уплывовай касцёльнай асобай IV стагоддзя, адзначыўся моцнай верай і яе абаронай перад ерасямі таго часу.

Мітрапаліт звярнуў увагу на значэнне літургічных чытанняў гэтага дня ў перспектыве Адвэнту. У першым чытанні прарок Ісая нагадвае пра будаўніцтва горада, акружанага моцнымі мурамі і валам. У Евангеллі Езус заклікае будаваць дом нашага жыцця не на пяску, але на скале, тады ні ветры, ні патокі вады яго не знішчаць.

Цікава, па словах арцыбіскупа, тое, што ў той час, калі прарок Ісая заклікае ў новы моцна збудаваны горад усіх, хто верыць у Бога, то Езус абяцае збаўленне тым, хто выконвае волю Яго нябеснага Айца. Усё гэта азначае, што, калі Ісая падкрэслівае значэнне веры, то Езус падкрэслівае значэнне дзеяння. Аднак, дадаў Мітрапаліт, тэксты першага чытання і Евангелля не супярэчаць адзін аднаму, бо прарок Ісая кажа, што наш Пан – гэта вечная скала.

«Заклік давяраць Богу – гэта галоўная тэма навучання адвэнтавага прарока, якім з’яўляецца прарок Ісая, — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Ён кажа, што, калі будзем так паступаць, то Бог будзе нас аберагаць і дапаможа паспяхова выканаць ускладзенае на нашы чалавечыя плечы заданне».

«Добрым прыкладам з’яўляецца Марыя, якую асаблівым чынам праслаўляем у Адвэнт і падчас раратніх набажэнстваў, — дадаў арцыпастыр. — Не разумеючы да канца значэнне слоў арханёла Габрыэля, Марыя прыняла Божую волю і гэтым самым прынесла плён, які не сустракаўся да гэтага, – нарадзіла Збаўцу свету».

«Мы не пакліканы да такога задання і не народзім Збаўцу. Але мы пакліканы да таго, каб дзякуючы нашым малітвам і хрысціянскаму сведчанню Бог сваёй ласкай нараджаўся ў сэрцах людзей», — падкрэсліў Мітрапаліт.

Прыкладам, па словах іерарха, можа служыць апякун гэтага дня св. Амброзій. Яго казанні моцна паўплывалі на тое, што Аўгустын, які вёў грэшнае жыццё, глыбока да свайго сэрца прыняў рацыяналізм ранняга хрысціянства.

«Сітуацыю сучаснага чалавека можна ідэнтыфікаваць з надвор’ем, аб якім распавядае Езус у сённяшнім Евангеллі, — сказаў Мітрапаліт. — Акрамя фізічнага шторму, мы адчуваем і духоўны».

«Езус папярэджвае пра цяжкія часы, якія нас чакаюць, — дадаў іерарх. — Рэальная праблема заключаецца ў тым, ці гатовы мы мець справу з імі. З нашага вопыту мы ведаем, што, калі прыходзіць бура, то мы часта з’яўляемся не гатовымі і бездапаможнымі. Выпадзе вялікі снег, і ўсе тлумачаць, што гэта было нечакана і адпаведныя службы не гатовы. Але ўсе ведаюць, што зімой падае снег. Як можна быць не гатовым?»

Падобнае, адзначыў арцыбіскуп, можа быць і ў духоўным жыцці, калі не будзем мець моцнай духоўнай апоры: «А ёй ёсць Езус, як скала, на якой мы павінны будаваць наша жыццё. Калі так будзе, то нам не будуць страшны ніякія духоўныя буры».

«Такім чынам, Езус вяртае нас да вытокаў, а менавіта да выканання Божай волі. Калі ў сваім жыцці мы будзем вяртацца да гэтай праўды, то Бог будзе з намі нават падчас самых вялікіх штормаў», — заўважыў арцыпастыр.

«Такім штормам была падвержана і Марыя. Гэта не толькі сцэна Звеставання, але і ўсё Яе жыццё. Нараджэнне Езуса сярод хатніх жывёл у Бэтлееме, пабег у Егіпет, перажыванне таго, што не ўсе прымалі Езуса як Месію, крыжовы шлях Яе Сына, Яго смерць. Ці не занадта шмат? Напэўна, так. Але Марыя не паддалася бурам сучаснага Ёй свету, бо дом Яе духоўнага жыцця быў пабудаваны на скале», — адзначыў Мітрапаліт.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў, каб «па прыкладу Марыі будавалі дом свайго жыцця на скале, якой ёсць Хрыстус і Яго Евангелле, бо тады штормы секулярызму не знішчаць нашага жыцця».

Абноўлена 07.12.2017 14:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа