Пошук

02.12.2017 19:17   Catholic.by

2 снежня ў мінскім касцёле Маці Божай Будслаўскай пачалася двухдзённая канферэнцыя на тэму «Цяжкасці ў выхаванні дзяцей у сям'і». На завяршэнне першага дня канферэнцыі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што канферэнцыя адбываецца ў час, калі завяршаецца стары літургічны год і распачынаецца новы. Літургічнае жыццё, як дадаў Мітрапаліт, не завяршаецца, а толькі з адной фазы пераходзіць у іншую, і гэта вельмі сімвалічна, бо дзеці, як Божы дар жыцця, з’яўляюцца тымі, дзякуючы каму жыццё на зямлі не завяршаецца, а працягваецца.

Канферэнцыя, як звярнуў увагу арцыпастыр, прысвечана вельмі важнай справе – цяжкасцям у выхаванні дзяцей. Па словах іерарха, сучасны свет з яго новымі выклікамі з’яўляецца «той пляцоўкай, дзе бацькі і грамадства сустракаюцца з цяжкасцямі, якіх не было раней або якія не праяўляліся так моцна».

«Вядома, што ніхто не нараджаецца злым і злачынцам, але такім становіцца, – сказаў арцыбіскуп. – Чаму? Напэўна, існуе шмат прычын, якая вядуць да гэтага. Аднак адной з галоўных з’яўляецца неадпаведнае выхаванне ў сям’і, школе і асяроддзі. Уплыў на яго мае і сучасная культура, калі пакаранне дзіцяці за дрэнныя паводзіны лічыцца перажыткам мінулага. Але ці гэта сапраўды так? Няма сумневу, што нельга здзеквацца над дзецьмі, але нельга і дазваляць ім рабіць усё, што хочацца. Святы Айцец Францішак вельмі ясна выказваецца на гэтую тэму».

Негатыўны ўплыў, як дадаў іерарх, аказваюць і сродкі масавай камунікацыі, калі выхаваннем маладога пакалення займаюцца не бацькі, а тэлевізар, інтэрнэт, мабільныя тэлефоны і г.д. У выніку чаго «дзеці таксама страчваюць здольнасць нармальнай камунікацыі паміж сабой», «замест таго, каб размаўляць, яны камунікуюць праз СМС».

«Феноменам нашага часу ёсць і тое, што духоўнае выхаванне ў сям’і спіхваецца на далёкі план, – адзначыў Мітрапаліт. – Супольная малітва становіцца рэдкасцю, а можа, нават зусім адсутнічае. Бацькі самі не ходзяць у касцёл і не вядуць туды дзяцей. Дзеці не бачаць бацькоў, прыступаючых да споведзі і Камуніі, не бачаць прыкладу іх хрысціянскага жыцця».

Не спрыяюць належнаму выхаванню маладога пакалення, заўважыў арцыбіскуп, таксама паталагічныя і разбітыя сем’і, у якіх дзеці не маюць магчымасці спазнаць сапраўдную любоў бацькі і маці.

У той жа час, падкрэсліў арцыпастыр, «Касцёл вучыць, што сям’я павінна быць хатнім Касцёлам і школай, якая рыхтуе да самастойнага жыцця».

«Евангелле першай нядзелі Адвэнту заклікае да чування. Гэта сімвалічна і з пункту гледжання канферэнцыі, якая адбываецца. У гэтым чуванні вельмі добрым з’яўляецца папярэджваючы метад выхавання, які прапанаваў св. Ян Боско. Бацькі, школа, грамадства павінны чуваць над працэсам выхавання маладога пакалення, бо моладзь – гэта надзея Касцёла і свету, як казаў св. Ян Павел II», – нагадаў Мітрапаліт Кандрусевіч.

«Што з’яўляецца найбольшай радасць бацькоў? Калі яны бачаць, што іх дзіця ідзе тым шляхам, якому яны яго навучылі», – звярнуў увагу іерарх.

Арцыбіскуп пажадаў удзельнікам канферэнцыі, каб іх высілкі садзейнічалі таму, што моладзь будзе ісці тым шляхам, якому яны яго навучаць.

Абноўлена 04.12.2017 12:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця