2 снежня ў сядзібе Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі быў дадзены ўрачысты старт новаму сайту, на якім у свабодным доступе змешчаны тэксты Літургіі гадзінаў на беларускай мове.
Інтэрнэт-старонку электроннага брэвіярыя lh.catholic.by запусціў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. У сувязі з тэхнічнымі перашкодамі анлайн-трансляцыя не змагла адбыцца.
«Сімвалічна, што запуск электроннага варыянту Літургіі гадзінаў распачынаецца ў вігілію Адвэнту, які з’яўляецца часам падрыхтоўкі не толькі да святаў Божага Нараджэння, але і да другога прыйсця Езуса ў славе», — заўважыў іерарх.
«Як з радасцю рыхтуемся да візіту госця, таксама і Адвэнт павінен стаць для нас часам радаснага чування. Дапамогай у гэтым будзе электронны варыянт Літургіі гадзінаў, які ўключае нас у афіцыйную малітву Касцёла і нагадвае аб Божым праве», — падкрэсліў арцыбіскуп.
Іерарх падзякаваў супрацоўнікам Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ, якія пераклалі тэксты брэвіярыя на беларускую мову, а таксама айцам марыянам і ўсёй іх камандзе, якая працавала над размяшчэннем тэкстаў у лічбавай прасторы.
Як працуе новы сайт?
Тэксты беларускай Літургіі гадзінаў, зацверджаныя Канферэнцыяй Біскупаў і выдадзеныя ў трох тамах (Мінск 2012-2015) пры падтрымцы айцоў капуцынаў, будуць размяшчацца на сайце lh.catholic.by паэтапна.
Тэкст чацвёртага, яшчэ не выдадзенага, тома беларускага брэвіярыя будзе дасяжны пасля таго, як яго падрыхтуюць да друку.
У межах працы над электронным брэвіярыем абноўлена добра вядомае беларускім католікам мабільнае прылажэнне «Малітоўнік», а менавіта дададзена Літургія гадзінаў па-беларуску. Каб скарыстацца гэтай магчымасцю, дастаткова толькі бясплатна спампаваць абнаўленне.
Праект «Лічбавы фармат Літургіі гадзінаў на беларускай мове» рэалізуецца ў межах дамовы паміж Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі як праваўладальнікам тэкстаў і айцамі марыянамі.
Каардынатары праекта: а. Андрэй Сідаровіч MIC, прадстаўнік вікарыяту мучанікаў з Росіцы; кс. Ян Крэміс, старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ; кс. Кірыл Бардонаў, дырэктар інтэрнэт-партала Сatholic.by.