Пошук


2 снежня ў 12.00 будзе запушчаны электронны варыянт Літургіі гадзінаў на беларускай мове. Для значнай часткі вернікаў гэта прыгожая форма малітвы застаецца невядомай. Прапануем пазнаёміцца з кароткім тлумачэннем, што такое Літургія гадзінаў.

Літургія гадзінаў — гэта агульная назва малітоўнай літургіі Рыма-Каталіцкага Касцёла (лацінскага абраду), якая здзяйсняецца ў розныя поры дня — у розныя «гадзіны». Так называецца таксама кніга, у якой змешчаны тэксты такога праслаўлення Бога. Гэта аўтаномная форма малітвы, аднак часам яна можа спалучацца з цэлебрацыяй святой Імшы.

Своеасаблівым сэрцам Літургіі гадзінаў з’яўляюцца псальмы. Раней гэтую форму малітвы называлі «афіцый» — ад лацінскага словазлучэння officium divinum. Раней кнігу з тэкстам Літургіі гадзінаў называлі брэвіярый, але гэтая назва застаецца папулярнай да сённяшняга дня.

На працягу дня цэлебруюцца наступныя гадзіны: раніцай — Ютрань, малітва на працягу дня, увечары — Нешпары, на завяршэнне дня ці перад сном — Камплета, у любы час — Гадзіна чытанняў.

Малітва на працягу дня мае тры варыянты, у залежнасці ад таго, у якую пару дня яна чытаецца — перад поўднем, апоўдні ці пасля поўдня. Некаторыя гадзіны могуць спалучацца.

Касцёл абавязвае маліцца ўсімі пералічанымі часткамі Літургіі гадзінаў, або некаторымі з іх, біскупаў, прэзбітэраў і дыяканаў, а таксама кансэкраваных асобаў. Такім чынам, яны моляцца за даручаны ім народ і за ўвесь свет.

Касцёл заахвочвае свецкіх вернікаў далучацца да цэлебрацыі ўсяго дзённага цыклу Літургіі гадзінаў або яго часткі, не толькі падчас супольных целабрацый у парафіяльных і іншых супольнасцях, але нават маліцца Літургію гадзінаў самастойна.

На беларускай мове сёння выдадзена тры з чатырох тамоў Літургіі гадзінаў. Электронны варыянт Літургіі гадзінаў на беларускай мове з заўтрашняга дня будзе пастаянна даступны ў інтэрнэце. Раніцай і ўвечары, удзень і ўначы Бог чакае нашых малітваў.

Абноўлена 01.12.2017 23:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.