Пошук

27.11.2017 16:43   Ніна Шулякова / Фота: Аляксандр Васюковіч / «Имена»

«Мова, на якой размаўлялі мае бацькі, не памрэ»: вучоны з Палесся, якому споўнілася 82 гады, разам з мамай пераклаў Евангелле на гаворку роднай вёскі.

«Суткы», «суточкы» — цесны праход, вельмі вузкая вуліца. «Окыдзь» — снег, які выпадае ранняй вясной. «Кыснуты» — мокнуць. «Чоловічок» — зрэнка. «Анывжэн» — канешне. Так будзе па заходне-палеску. 82-гадовы вучоны з Палесся Фёдар Данілавіч Клімчук 15 гадоў перакладаў Евангелле на дыялект роднай вёскі Сіманавічы. Кожны перакладзены фрагмент зачытваў маме вечарам.

Скажа мама: «Не, мы так не гаворым», — перарабляе. Фёдар Данілавіч кажа, што калі на якую-небудзь мову перакладзена Біблія, азначае, мова гэта нікуды не знікне, не забудзецца. Перакладаў з 1989-га па 1995-ты, па кавалачку.

Гатовы пераклад выдаў невялікім тыражом у 200 экземпляраў на грошы аднадумцаў-энтузіястаў. А яшчэ вазіў у Палессе Мікіту Талстога, унука класіка Льва Талстога, вывучаць дыялекты. Запісаў па памяці 260 песень сваёй мамы. Перакладаў на «сіманавіцкую» Гамера, Талстога, Гогаля.

Фёдар Данілавіч нарадзіўся ў 1935 годзе ў вёсцы Сіманавічы. Тады гэта быў Драгічынскі павет Палескага ваяводства ІІ Рэчы Паспалітай. З шасцярых дзяцей у сям’і быў самым старэйшым. Памятае, як маці ўвесь час спявала старадаўнія песні. Ведала іх каля 500. З іх 260, вясельных, калі мамы не стала, Фёдар Данілавіч запісаў па памяці і да гэтага часу хоча апублікаваць. Пра бацьку кажа, што той быў кніжнікам, аб’ездзіў-перачытаў усе бібліятэкі ў суседніх сёлах. І яго, Федзю, прывучыў да чытання.

У 19 гадоў Фёдар Данілавіч скончыў Пінскі педынстытут, працаваў у вёсках Драгічынскага раёна настаўнікам гісторыі. Слухаў, як гавораць людзі вакол. Так зацікавіўся рознымі дыялектамі — а іх на Палессі шмат, — што і вучняў уцягнуў. Дзеці слухалі, як гавораць бацькі, бабулі, прабабулі, запісвалі, абмяркоўвалі з Фёдарам Данілавічам самыя цікавыя абароты.

Адзін час пасля вайны існавала нягласная забарона на выкарыстанне ў гаворцы дыялектаў. Казалі, што дыялекты — гэта «перажытак праклятага мінулага».

Настаўнік гісторыі стаў шукаць адзінадумцаў. У 1962 годзе, калі яму было 27, напісаў ліст, які змяніў яго жыццё. Гэта быў ліст у Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук:

— Я пытаўся, якія ў нас ёсць гаворкі, што пра іх ужо напісана, наколькі яны вывучаныя і ці трэба іх вывучаць яшчэ. Што гэтыя дыялекты даюць гісторыі? З Акадэміі мне бадзёра адказалі, што дыялекты вывучаны недастаткова і што я мог бы займацца іх вывучэннем у навуковым плане. Запісваць. Даслалі мне апытанкі для працы «ў полі». Мяне гэта проста акрыліла!

Працяг чытайце на сайце imenamag.by››

Абноўлена 28.11.2017 12:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа