Пошук

25.11.2017 11:36   Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў пры ККББ / Catholic.by

25 лістапада ў Мінску падчас біблійнага сімпозіума «Слова Божае 1517-2017» прайшла прэзентацыя першага поўнага афіцыйнага рыма-каталіцкага выдання на беларускай мове «Новага Запавету». Згадаем асноўныя моманты і этапы яго стварэння.

Для Беларусі 2017 год з’яўляецца знамянальным з прычыны 500-годдзя першай друкаванай кнігі на беларускай мове, якой стала Біблія Францішка Скарыны. З гэтай нагоды Рыма-Каталіцкі Касцёл у Беларусі (Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі) падрыхтаваў першы поўны афіцыйны пераклад на беларускую мову кніг Новага Запавету.

Распачатая ў 2002 годзе грунтоўная праца над перакладам біблійных тэкстаў была абумоўлена неабходнасцю стварэння Імшальнага Лекцыянарыя на беларускай мове для выкарыстання падчас цэлебрацыі літургіі. Плёнам гэтай працы стала студыйнае выданне Лекцыянарыя ў шасці тамах.

У 2012 годзе, на падставе апрацаваных тэкстаў, Секцыя па перакладзе падрыхтавала і выдала чатыры Евангеллі з уступамі да кожнага з іх. Паралельна вялася праца над поўным перакладам іншых кніг Новага Запавету, якія паступова змяшчаліся на афіцыйным партале Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, каб жадаючыя маглі пазнаёміцца з тэкстам і выказаць свае прапановы.

Адметнай рысай беларускіх біблійных перакладаў з’яўляецца канфесійнасць. Розныя хрысціянскія вызнанні рыхтуюць свае пераклады Бібліі, паколькі маюць свой падыход да перакладу, сваю тэрміналогію і рэлігійную лексіку. З даследавання працэсу фарміравання розных перакладчыцкіх падыходаў да біблійнага тэксту вынікае, што на Беларусі існуюць дзве моцныя перакладчыцкія традыцыі — Slavia Latina i Slavia Ortodoxa (заходняя i ўсходняя традыцыя), што з’яўляецца своеасаблівым культурным і духоўным багаццем нашага народа.

Падставай для перакладу паслужылі самыя новыя крытычныя выданні Новага Запавету: Novum Testamentum Graece (ed. B. Aland et K. Aland, J. Karavidopoulos, C. Martini, B. Metzger, Stuttgart 199327), Novum Testamentum Graece (ed. B. Aland et K. Aland, J. Karavidopoulos, C. Martini, B. Metzger, Stuttgart 201228), якія падаюць грэцкія тэксты паводле найстаражытнейшых і найлепшых рукапісаў (кодэксаў).

Секцыя па перакладзе ставіла перад сабой мэту стварыць дакладны пераклад зместу біблійных кніг на сучаснай і камунікатыўнай беларускай мове. Пры гэтым у перакладзе паслядоўна трымалася прынятай у Касцёле тэалагічнай тэрміналогіі. Для захавання гістарычнага кантэксту і калі гэта было неабходна з тэалагічнага пункту гледжання некаторыя габрэйскія, арамейскія і грэцкія словы перадаваліся ў іх арыгінальным гучанні, але ў кірылічным запісе.

У гэтым выданні «Новага Запавету» перад кожнай з кніг, а таксама перад групай тэкстаў — Евангеллямі, пасланнямі св. Паўла і каталіцкімі пасланнямі — змешчаны ўводзіны, дзе апісаны акалічнасці і акрэслены прыкладны час напісання кніг, а таксама іх галоўная тэалагічная думка. Акрамя ўводзінаў, паводле каталіцкай традыцыі, у біблійным тэксце ёсць падзагалоўкі, узятыя ў асноўным з Ерузалемскай Бібліі (Парыж, 2011), якія дапамагаюць арыентавацца ў змесце кожнай з кніг Новага Запавету.

Адметнасцю гэтага выдання з’яўляецца дадатак, у якім знаходзяцца карты, якія знаёмяць з геаграфіяй тагачаснага свету і дапамагаюць прасачыць шлях падарожжаў св. Паўла, біблійны слоўнік, а таксама храналагічная табліца падзеяў, звязаных з гісторыяй збаўлення і агульнай гісторыяй чалавецтва.

Над выданнем «Новага Запавету», падрыхтаванага Секцыяй па перакладзе, працавалі прадстаўнікі ўсіх дыяцэзій у Беларусі, перакладчыкі, тэолагі і філолагі: кс. д-р Ян Крэміс, д-р Марына Пашук, кс. ліц. Валерый Быкоўскі, кс. ліц. Аркадзь Куляха OCD, кс. ліц. Ян Кучынскі, кс. ліц. Ігар Лашук, кс. прэлат Францішак Кісель, маг. Антон Кузміч, бакалаўр Марыя Барткова. Кансультантам пры перакладзе найбольш складаных тэкстаў была перакладчыца Бібліі, прафесар біблістыкі Універсітэта Кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве (Польшча) доктар габілітаваная Ганна Кусьмірэк.

Выданне «Новага Запавету» здзейснена пад агульным кіраўніцтвам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Кніга выдадзена накладам 2 тысячы асобнікаў у добрым паліграфічным афармленні. Макет кнігі падрыхтаваны ў выдавецтве «Про Хрысто». Над мастацкім афармленнем працаваў Алег Глекаў, камп’ютарная вёрстка — Алег Глекаў, Эльвіра Палінеўская.

Хрысціянства не з’яўляецца «рэлігіяй Кнігі», але рэлігіяй жывога ўцелаўлёнага Божага Слова, якое прыйшло на зямлю дзеля кожнага чалавека. Яно з’яўляецца фундаментам і моцаю Касцёла, крыніцай веры і духоўнага жыцця. Кнігі Святога Пісання — гэта не звычайныя літаратурныя творы, але пасланне веры, якое немагчыма чытаць і разумець без веры.

Спадзяёмся, што гэта шматгадовая праца Рыма-Каталіцкага Касцёла, якая з’яўляецца першым этапам афіцыйнага каталіцкага перакладу Бібліі на сучасную беларускую мову, прынясе духоўную карысць вернікам і ўсім людзям, а чытанне Божага слова на роднай мове паспрыяе ўзрастанню веры, умацаванню надзеі і жыццю ва ўзаемнай любові.

Абноўлена 27.11.2017 11:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.