Пошук

24.11.2017 15:12   Уладзіслаў Валаховіч / Фота: Іван Пузанаў / Catholic.by

22 лістапада ў Магілёве на вуліцы Сурганава, 21 была ўрачыста адкрыта сядзіба дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы».

Пасля 10 гадоў працы ў абарону жыцця і сям’і ў «палявых умовах» нарэшце было знойдзена годнае памяшканне, якое можна ўзяць у арэнду на доўгі час і якое добра адпавядае мэтам фонду.

За час сваёй дзейнасці, «Адкрытыя сэрцы» ўжо даўно выйшлі па-за межы перадабортнага кансультавання і навучання метаду распазнавання плоднасці.

Зараз фонду патрэбна і памяшканне для «Школы нараджэння», і месца, каб ладзіць святы для ўратаваных ад аборту дзяцей і іх сем’яў, а таксама каб праводзіць семінары і сустрэчы валанцёраў. Таксама патрэбен добры офіс, каб рознапланавая праца ў абарону жыцця і сям’і магла сапраўды прыносіць багаты плён.

Пралайферы вырашылі такі важны дзень адзначыць па-Божаму і запрасілі на гэтую падзею дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB, святароў з Магілёва, а таксама валанцёраў з Магілёва і Віцебска.

Біскуп узначаліў святую Імшу ў інтэнцыі абаронцаў жыцця. У гаміліі іерарх падкрэсліў сутнасць абароны жыцця і сям’і: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі (Мц 25, 40). Сапраўды, гэтыя словы Езуса з Евангелля паводле Мацвея ў першую чаргу можна аднесці да самых меншых і самых безабаронных, да дзяцей ва ўлонні маці, якім пагражае смерць ад аборту», — падкрэсліў біскуп.

Іерарх заахвоціў валанцёраў і супрацоўнікаў фонду не стамляцца і не апускаць рукі, але працягваць змагацца за кожнае зачатае жыцце, за кожную сям’ю, якая знаходзіцца ў крызісе, таму што такое служэнне сёння вельмі патрэбна Касцёлу.

Пасля Імшы адбылося ўрачыстае благаслаўленне сядзібы фонду «Адкрытыя сэрцы», а таксама традыцыйная малітоўная сустрэча і агапа, на якой валанцёры дзяліліся з духавенствам сваім досведам працы на ніве пралайфа.

Гэтая ўрачыстасць стала адметнай вехай для абаронцаў жыцця на ўсходзе Беларусі, бо для нас вельмі важна адчуваць падтрымку Касцёла для нашага вельмі спецыфічнага служэння.

Абноўлена 24.11.2017 16:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа