Пошук

18.11.2017 14:01   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Павал Хадзінскі / Catholic.by

Увечары 17 лістапада ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы адбылася святая Імша з нагоды 50-гадовага юбілею кс. Міхала Сапеля.

У гэты вечар разам з юбілярам, першым пробашчам адроджанай на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя залатагорскай парафіі, Эўхарыстычную ахвяру на алтары парафіяльнай святыні склалі яго наступнікі на гэтай пасадзе: дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які ўзначаліў цэлебрацыю, і цяперашні пастыр самай старажытнай каталіцкай супольнасці Мінска кс. канонік Юрый Санько.


У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі адзначыў, што ён адчувае сябе на Залатой Горцы як у сваім касцёле, хоць цяпер мае іншыя абавязкі і заданні. Гэтаму спрыяла цёплая і ўтульная сямейная атмасфера, заўсёды ўласцівая гэтай парафіі, што асабліва адчувалася ў дзень юбілею яе першага пробашча.

Залатагорскія вернікі ў пераважнай большасці добра знаёмыя паміж сабою. Многія яшчэ зусім маладымі людзьмі прыйшлі ў гэты касцёл, які стаў першым у Мінску, дзе з моманту аднаўлення набажэнстваў яны праводзіліся на беларускай мове.

Кожную нядзелю тут можна назіраць, як парафіяне пасля Імшы не спяшаюцца разыходзіцца па дамах, а размаўляюць на прыкасцёльным цвінтары, дзелячыся адны з другімі радасцямі і смуткамі. Стварэнню такой сямейнай, хатняй атмасферы, як падкрэсліў біскуп Юрый Касабуцкі, шмат спрыяў сваёй асобай менавіта ксёндз Міхал Сапель.


Будучы святар нарадзіўся ў Браславе, сярод азёраў, дзе спрадвеку жылі людзі, чыя характэрная рыса — здаровыя жыццёвыя прынцыпы, любоў да свабоды і пачуццё ўласнай чалавечай годнасці, спалучанае з павагай да іншых людзей і іх меркаванняў.

У сям’і Сапеляў панавала спакойная радасць жыцця, без надрыву, без лозунгаў і гучных словаў, а любоў да працы была ўзвышана амаль да культу. Менавіта ў такой атмасферы рабілі свае першыя жыццёвыя крокі сыны Канстанціна і Леакадзіі: браты Аляксандр і Міхал.

Як многія нашыя сем’і, сям’я Сапеляў была «змешанай»: бацька — праваслаўны, маці — каталічка. З маленства матуля клапацілася пра рэлігійнае выхаванне сыноў, якія сапраўды раслі веруючымі людзьмі пад лагоднымі позіркамі мамы Лёні і Марыі, Валадаркі Азёраў…


Скончыўшы сярэднюю школу ў 1984 годзе, Міхал адчуваў пакліканне да святарства, аднак вырашыў спачатку паступіць у медыцынскае вучылішча ў латвійскім Даўгаўпілсе. Прапіска ў суседняй рэспубліцы дала яму магчымасць праз год паступіць у духоўную семінарыю ў Рызе, якую ён паспяхова скончыў у 1990 годзе.

27 мая 1990 года Міхал Сапель разам з усімі сваімі аднакурснікамі прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Тады яму было толькі 22 гады, і для гэтага спатрэбіўся спецыяльны папскі дазвол, які быў атрыманы, паколькі душпастырскія патрэбы ў той час былі вельмі вялікія.

Малады святар быў скіраваны ў Мінск і прызначаны вікарыем касцёла Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках, а пазней ад арцыбіскупа і будучага кардынала Казіміра Свёнтка атрымаў заданне душпастырскай апекі над тымі, хто ў Мінску жадаў маліцца па-беларуску.

Руплівасцю ксяндза Міхала і яго супрацоўнікаў па літургічнай камісіі распачалася і паспяхова развівалася метадычная праца па перакладзе літургічных тэкстаў на беларускую мову, галоўным плёнам якой стаў выдадзены ў 2004 годзе «Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі».


На плечы маладога святара Міхала Сапеля легла яшчэ адна адказная місія: у мясцовым Касцёле яму было даручана наладзіць дабрачынную дзейнасць. І з гэтым заданнем ён паспяхова справіўся: у 1991 годзе ў Мінску з’явілася свая арганізацыя Caritas.

Ужо праз некалькі гадоў беларускі Caritas ад банальнага прымання гуманітарнай дапамогі і яе размеркавання пачаў рэалізоўваць сапраўды сур’ёзныя праекты, найбуйнейшы з якіх — дзіцячы цэнтр у Ляскоўцы.

Акрамя парафіі на Залатой Горцы, ксёндз Міхал Сапель да 1996 года быў таксама пробашчам парафіі ў Ракаве і пэўны час з душпастырскай неабходнасці служыў вернікам у Заслаўі.

Яго вялікія заслугі перад мясцовым Касцёлам адзначыў таксама Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім віншавальным лісце, зачытаным напрыканцы Імшы біскупам Юрыем Касабуцкім. Калі ліст быў уручаны, сам юбіляр з усмешкай узгадаў, што першую афіцыйную паперу атрымаў ад арцыбіскупа Кандрусевіча ў іншых абставінах: гэта быў дэкрэт скіравання яго на служэнне ў Кальварыйскі касцёл, напісаны біскупам у Будславе ад рукі… на даху машыны.


За 27 гадоў свайго святарскага служэння ксёндз Міхал Сапель для многіх вернікаў стаў сапраўдным духоўным айцом. Таму пасля Імшы кожны з прысутных гэтым вечарам у касцёле на Залатой Горцы хацеў асабіста павіншаваць свайго святара і зрабіць яму прынамсі сімвалічны падарунак. Мы таксама далучаемся да гэтых віншаванняў і разам з біскупам Юрыем Касабуцкім жадаем шаноўнаму юбіляру шчодрых Божых ласкаў на наступныя 50 гадоў плённай працы на ніве Пана.

Абноўлена 28.05.2020 10:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.