Пошук

12.12.2022 11:30   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

10 снежня ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску трое біскупаў маліліся ў першую гадавіну адыходу ў вечнасць першага пробашча адроджанай Залатагорскай парафіі і першага дырэктара Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas у Беларусі ксяндза Міхала Сапеля.

Цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі спачылага святара ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім маліліся арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які ў 1991 годзе прызначыў ксяндза Міхала Сапеля пробашчам парафіі на Залатой Горцы, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які доўгі час супрацоўнічаў з ксяндзом Міхалам, а таксама Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек.

На пачатку цэлебрацыі арцыбіскуп Станеўскі адзначыў, што ксёндз Міхал як служыцель Евангелля абвяшчаў людзям Божае Валадарства, і запрасіў сабраных на святой Імшы вернікаў і святароў да супольнай малітвы аб вечным жыцці для памерлага ў Валадарстве Нябесным.

Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў біскуп Касабуцкі, якому давялося дзевяць гадоў супрацоўнічаць з ксядзом Міхалам у душпастырстве на Залатой Горцы. Іерарх нагадаў важныя моманты з жыцця спачылага святара, адзначыўшы яго мэтанакіраванасць і давер да Бога ў выкананні няпростых заданняў, у многіх з якіх яму даводзілася быць першапраходцам.

Біскуп распавёў, як у пэўны складаны момант у яго святарскім жыцці ксёндз Міхал яго падтрымаў: «Калі за тваімі плячыма цябе абмаўляюць, і кідаюць у спіну камянямі, гэта значыць, што ты ідзеш наперадзе».

«Мы дзякуем Богу за дар гэтай асобы, за дар гэтага Божага служыцеля, за дар ксяндза Міхала Сапеля», — сказаў на заканчэнне гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі, выказаўшы надзею на новую сустрэчу ў Нябесным Валадарстве.

Завяршылася Эўхарыстыя супольным спевам малітвы «Анёл Панскі».

У дзень першай гадавіны з часу адыходу ў вечнасць ксяндза Міхала Сапеля група з некалькіх дзясяткаў вернікаў залатагорскай парафіі зладзіла пілігрымку ў Браслаў, да месца пахавання іх першага пробашча.

Пілігрымы памаліліся на могілках, а таксама ўзялі ўдзел у святой Імшы ў інтэнцыі памерлага святара ў санктуарыі Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў — родным касцёле ксяндза Міхала, дзе ўзрастала яго пакліканне да святарства.

Спачылага душпастыра ўзгадалі таксама ў Бабруйску, дзе святую Імшу ў інтэнцыі вечнага жыцця для яго цэлебраваў адзін з ягоных духоўных выхаванцаў ксёндз Канстанцін Карака.

Абноўлена 12.12.2022 12:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.