Пошук

15.11.2017 21:15   Фота: Марына Валасар / Catholic.by

Прэзентацыя выдання «Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста» прайшла 15 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

У мерапрыемстве па запрашэнні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, прыняў удзел і старшыня беларускага епіскапату — арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Новая кніга — сумесная праца праваслаўных багасловаў і філолагаў, якія працавалі над выданнем 25 гадоў.

Як адзначаюць аўтары, пры падрыхтоўцы перакладу яны аналізавалі і ўлічвалі папярэднія спробы аўтарскіх перакладаў Бібліі на беларускую мову Лукаша Дзекуць-Малея, кс. Вінцэнта Гадлеўскага, Яна Станкевіча, кс. Пятра Татарыновіча, кс. Уладзіслава Чарняўскага, Міхася Міцкевіча, Васіля Сёмухі і Анатоля Клышкі.

«Ад усяго сэрца віншую Беларускую Праваслаўную Царкву з гэтай знакавай падзеяй у яе жыцці і жадаю поспехаў у перакладзе і выданні Старога Запавету, — адзначыў у сваёй прамове падчас прэзентацыі выдання Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Наш народ мае права чытаць і пазнаваць Біблію як кнігу жыцця на сваёй роднай мове, каб на духоўных каштоўнасцях будаваць сваю будучыню. І няхай Бог усім нам благаславіць на гэтым шляху».

На сучасную беларускую мову Новы Запавет перакладзены са старажытнагрэчаскага арыгінала. Наклад кнігі — шэсць тысяч экземпляраў.

Падчас прэзентацыі адбылася цырымонія ўзнагароджвання членаў біблійнай камісіі БПЦ, якія прымалі ўдзел у перакладзе Святога Пісання,  а таксама арганізатараў перакладу і выдання кнігі.

Абноўлена 16.11.2017 23:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.