Пошук

13.11.2017 16:27   Лілія Шайхова / Фота: Аляксандр Чугуеў / Catholic.by

11 лістапада адбылася надзвычайная для мясцовага Касцёла падзея. Бабруйчанін, навучэнец семінарыі ў Пінску Павел Сідарэнка атрымаў дыяканскае пасвячэнне.

Падзякаваць Езусу Хрысту і Найсвяцейшай Маці за новага працаўніка на Божай ніве на ўрачыстай святой Імшы сабраліся сталыя парафіяне, на вачах якіх Павел вырас, і парафіяльная моладзь.

Цэлэбраваў Імшу дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Раздзяліць радасць ад урачыстасці разам з ксяндзом канонікам Андрэем Яркаўцом, пробашчам касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску, сабраліся таксама святары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — кс. Антоній Клімантовіч, кс. Юрый Быкаў, кс. Дзмітрый Пухальскі, а. Натанаэль Войтала OFM, віцэ-рэктар пінскай семінарыі Адам Дынак, семінарысты і сёстры законныя.

Гамілія біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB датычылася тэмы служэння ў Касцёле, паколькі дыякан не проста дапамагае святару падчас Імшы. Разам з Божым благаслаўленнем пасвячэння ў дыяканы юнак атрымлівае вялікую адказнасць, якую ўскладае на яго Пан. Адна мяжа гэтай адказнасці — заклік да служэння, каб з малітвай і жаданнем адчыняць дзверы Касцёла, служачы кожнаму чалавеку, які патрабуе любові. Крыніца гэтай любові — сам Езус.

Паводле слоў іерарха, да служэння пакліканы кожны хрысціянін — гэта ісціна, якая датычыць і святароў, і манахаў, і людзей свецкіх. «А ці гатовы мы служыць адзін аднаму? Ці ведаем наша прызначэнне ад Бога? Ці выконваем тое, да чаго пакліканы? Не вельмі «зручныя» пытанні, і не заўсёды мы можам адказаць на іх сцвярджальна», — адзначыў біскуп Аляксандр Яшэўскі. Але менавіта так Бог бачыць свой Касцёл, менавіта такім ён павінен быць, дадаў іерарх. «Перажываць шчасце ад жыцця з Богам з’яўляецца галоўным заданнем, радасцю і служэннем для ўсіх вернікаў, а тым больш для тых, каго Пан выбраў для працы на Сваёй ніве» — заключыў біскуп.

Пасля абраду ўскладання рук дыякан Павел Сідарэнка падзякаваў за прыняцце пасвячэння Богу і ўсім, хто вёў яго да алтара Пана.

 

 

Абноўлена 14.11.2017 13:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа