З 4 па 6 лістапада ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі св. Тамаша Аквінскага ў Пінску праходзіла сустрэча для міністрантаў і юнакоў, якія разважаюць пра сваё пакліканне.
Сустрэча міністрантаў, якая працягвалася тры дні, сабрала каля паўсотні хлопцаў з розных парафій Пінскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Праграма сустрэчы была вельмі насычанай і разнастайнай. Міністранты практыкаваліся ў службе пры алтары, удасканальвалі літургічныя веды падчас адмысловых лекцый, маглі наведаць гістарычныя мясціны Пінска і паспаборнічаць на футбольнай пляцоўцы. Паколькі з’езд міністрантаў праходзіў у актаву малітваў за памерлых, юнакі наведалі і могілкі, дзе маглі духоўна падтрымаць вернікаў, якія ўжо адыйшлі ў вечнасць.
У цэнтры ўвагі юнакоў аказалася тэма жыццёвага паклікання, над якой міністранты разам са святарамі разважалі падчас святых Імшаў і набажэнстваў, канферэнцый і асабістай малітвы, час на якую таксама быў прадугледжаны праграмай сустрэчы. Яскравай падзеяй стаў удзел ва ўрачыстай святой Імшы ў пінскай катэдры, падчас якой сямёра навучэнцаў семінарыі атрымалі духоўны строй.
Наступная сустрэча міністрантаў і юнакоў, якія разважаюць над сваім пакліканнем, запланавана ў Пінску на 3-5 студзеня.