Пошук

07.11.2017 11:25   Фота: Кс. Раман Суша / Catholic.by

6-7 лістапада ў Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме праходзіць Міжнародная экуменічная канферэнцыя на тэму «Апостальская сталіца паводле Расіі і ўсходняга хрысціянства. Ад Яна Паўла ІІ да Францішка», у якой прымаюць удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Старшыня беларускага епіскапату выступіў у секцыі «Каталіцка-праваслаўны дыялог. Выклік XXI ст.»

Гаворачы пра постаць св. Яна Паўла ІІ, іерарх адзначыў, што Папа-паляк, усведамляючы і прымаючы блізка да сэрца боль падзелу хрысціян, працаваў і маліўся не пакладаючы сіл у справе адзінства хрысціянаў.

«Ужо ў сваёй першая энцыкліцы Redemptor hominis (Адкупіцель чалавека) Ян Павел ІІ падкрэсліў, што на гэтым этапе хрысціянства і свету адзінай магчымасцю выканання паўсюднага паслання Касцёла ў справе экуменізму з’яўляецца добрасумленна, трывала, пакорна і адважна шукаць шляхі збліжэння і адзінства, бо інакш не выканаем запавет Хрыста», — адзначыў арцыбіскуп.

У Апостальскай Адгартацыі Ecclesia in Europa ён зазначае, што адзінства хрысціян з’яўляецца «неабходнай умовай найбольшай верагоднасці ў евангелізацыі». Згодна з навучаннем Яна Паўла ІІ, «экуменічнае імкненне аказвае ўплыў на ўнутранае жыццё хрысціян, якія павінны дазволіць, каб яно іх фарміравала».

Беларускі іерарх адзначыў, што з навучання Ватыканскага Сабору і Яна Паўла ІІ вынікае, што экуменізм не з’яўляецца «дадаткам» ці папаўненнем традыцыйных спраў Касцёла, але належыць да ўсяго яго жыцця і дзейнасці.

«Касцёлы лацінскага і ўсходняга абраду павінны падтрымліваць імкненне да адзінства хрысціян. Кодэкс Кананічнага права заахвочвае біскупаў спрыяць экуменізму. А кодэкс Усходніх Касцёлаў падкрэслівае, што экуменічныя кантакты павінны рэалізоўвацца праз малітву, прыклад жыцця, вернасць традыцыям, узаемнаму пазнанню, сумеснай працы і братэрскай павазе ў справах і духу», — дадаў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Паводле арцыбіскупа, Ян Павел ІІ выказваў шматлікія жэсты сардэчнасці і братэрства Праваслаўнай Царкве Маскоўскага Патрыярхату. Шмат разоў ён казаў пра тое, што вельмі шануе Праваслаўную Царкву і хоча большага даверу паміж нашымі Касцёламі.

Падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ пачала сваю дзейнасць супольная тэалагічная камісія, якая складаецца з прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы.

Таксама беларускі іерарх прааналізаваў уклад у справу экуменізму папы Бэнэдыкта XVI.

«Агульнае значэнне набывае навучанне Бэнэдыкта XVI пра супольную адказнасць усіх хрысціян у справе новай евангелізацыі ў сучасным свеце, — сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Паводле Пантыфіка, экуменічны дыялог павінен звяртаць увагу на крызіс веры, які распаўсюджваецца ў свеце і розным чынам праяўляецца ў недахопе духоўнасці».

Ацэньваючы ўклад у справу экуменізму папы Францішка, арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў уклад з «небывалымі вынікамі», які сваім навучаннем робіць Святы Айцец.

«Найперш гэта гістарычная сустрэча папы Францішка з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам у Гаване. Папярэднія Пантыфікі, а менавіта Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI, пракладвалі дарогу да гэтай сустрэчы і нарэшце яна адбылася», — зазначыў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі.

Паводле слоў Мітрапаліта, гэта была сустрэча двух братоў у веры, двух хрысціянскіх лідараў, якія бароняць маральны стан у сучасным секулярызаваным свеце.

Беларускі іерарх нагадаў ролю падпісанай хрысціянскімі лідарамі дэкларацыі, якая складаецца з 30 пунктаў і прадстаўляе ключавыя праблемы і выклікі сучаснага свету:

«Дэкларацыя таксама падкрэслівае, што католікі і праваслаўныя не з’яўляюцца канкурэнтамі, але сям’ёй. У сучасным свеце яны пакліканы да братэрскай супрацы ў абвяшчэнні Добрай Навіны збаўлення і сведчання годнасці і аўтэнтычнасці свабоды чалавека», — падкрэсліў Мітрапаліт.

«Эпоха канфрантацыі скончылася»

Падсумоўваючы ўклад, які зрабілі Ян Павел ІІ, Бэнэдыкт XVI і Францішак, арцыбіскуп Кандрусевіч назваў іх дзейнасць гіганцкім крокам у справе еднасці хрысціян.

«Мы з’яўляемся з вамі сведкамі кардынальнай змены клімату ў міжхрысціянскіх адносінах. Эпоха канфрантацыі скончылася. Прыйшоў час не толькі ўзаемнай талерантнасці, але і супольнай працы, што ўсё часцей праяўляецца ў лепшым разуменні агульнай адказнасці за будучыню хрысціянства і лёсу свету перад абліччам новых выклікаў грамадству», — заключыў іерарх.

Абноўлена 07.11.2017 13:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця