Пошук

30.10.2017 11:24   С. Марыя Магдалена Дзевульска CR / Catholic.by

27 кастрычніка прайшло 10 гадоў з часу беатыфікацыі бл. Цэліны Бажэнцкай, дачкі беларускай зямлі, заснавальніцы супольнасці Сясцёр Змёртвыхпаўстанак. У парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Наваполацку, дзе працуюць сёстры змёртвыхпаўстанкі, у гэты дзень дзякавалі Богу за дар беатыфікацыі.

На святой Імшы сабраліся вернікі разам з сёстрамі. Пробашч парафіі кс. Аляксандр Чайкоўскі цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі кананізацыі благаслаўлёнай, а таксама ў інтэнцыях усіх тых, хто ўзносіць свае малітвы да Бога праз яе заступніцтва.

Пасля Імшы ўсе прысутныя мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі бл. Цэліны.

Заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Змёртвыхпаўстанак — Цэліна і Ядвіга Бажэнцкія, маці і дачка. Кангрэгацыя была заснавана ў Рыме ў 1891 г. Цэліна Бажэнцкая (у дзявоцтве Хлюдзінская) нарадзілася 29 кастрычніка 1833 г. y Антавілі каля Оршы. Паслухмяная волі бацькоў, выйшла замуж, нарадзіла чатырох дзяцей, дваіх з якіх пахавала. Пасля смерці мужа рэалізавала сваё прагненне да законнага жыцця і разам з малодшай дачкой Ядвігай заснавала Кангрэгацыю Сясцёр Змёртвыхпаўстанак. Памерла 26 кастрычніка 1913 г. у Кракаве (Польшча).

Цэліна і яе дачка Ядвіга чэрпалі сілы для служэння з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і Эўхарыстыі. Асаблівы доказ таго, што яна чэрпае сілы з Эўхарыстыі, Маці Цэліна дала тады, калі атрымала навіну аб раптоўнай смерці Ядвігі. Па прыкладзе Цэліны і Ядвігі Бажэнцкіх новыя пакаленні змёртвыхпаўстанак і апосталак змёртвыхпаўстання адказваюць узаемнасцю на любоў Хрыста, чэрпаючы сілы для выканання сваёй місіі з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і Эўхарыстыі, праслаўляючы Бога.

Апосталкі Змёртвыхпаўстання – гэта таварыства свецкіх жанчын, якія з’яднаны з супольнасцю Сясцёр Змёртвыхпаўстанак і жывуць паводле Рэгулы, зацверджанай Касцёлам.

Мэтай Апосталак Змёртвыхпаўстання з’яўляецца аддаванне хвалы Богу, жыццём і працай. Яны пакліканы абвяшчаць тую праўду, што Езус Хрыстус уваскрос і ёсць нашым супакоем, надзеяй і радасцю. Яны рэалізуюць сваё хрысціянскае пакліканне, жывучы ў свеце і выконваючы свае сямейныя і прафесійныя абавязкі. Апосталкай можа быць кожная каталічка, якая мае шчырую інтэнцыю разпазнаваць і выконваць Божую волю ў штодзённым жыцці, а таксама прагненне жыць духам Супольнасці.

Абноўлена 30.10.2017 11:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.