Пошук

15.12.2023 11:37   Тэкст: Марына Сінкевіч / Фота: Леанід Юрык / Catholicnews.by

14 снежня, ва ўспамін святога Яна ад Крыжа, заступніка кансэкраваных асоб, у касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса у Наваполацку сабраліся святары і кансэкраваныя асобы Віцебскай дыяцэзіі, каб напярэдадні свята Божага Нараджэння памаліцца разам з біскупам Алегам Буткевічам.

Як паведамляе Catholicnews.by, падчас адарацыі духавенства і кансэкраваныя асобы маглі ў цішыні прадставіць Езусу свае клопаты, просьбы і падзякі.

Кожны мог скарыстаць з магчымасці сакрамэнту споведзі і пакаяння. Асабліва гэтаму паспрыяла канферэнцыя ксяндза Валерыя Марціноўскага, якая была прысвечана рахунку сумлення, распрацаванага спецыяльна для святароў і манаскіх асоб.

«Ці сур’ёзна думаю пра святасць у святарстве ці ў манаскім жыцці? З якой руплівасцю цэлебрую Найсвяцейшую Ахвяру? Ці звяртаю ўвагу на святыя абразы? Ці прыемна мне трываць перад Езусам у маўклівай адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту?»

— і шмат іншых пытанняў прапанаваў святар, заахвочваючы прысутных да шчырага пакаяння і асабістага засяроджвання перад Богам.

Узначаліў цэлебрацыю святой Імшы біскуп Алег Буткевіч. Прывітаўшы прысутных, ва ўступным слове іерарх выказаў пажаданне, каб гэтая сустрэча і дзяленне простым знакам белага хлеба абудзіла ў прысутных пошук еднасці, згоды і прымірэння адзін з адным.

Прамаўляючы Божае слова, пастыр дыяцэзіі засяродзіў увагу на духоўнай падрыхтоўцы як саміх святароў, так і парафіянаў.

«Нельга быць перманентным. Трэба прыгадаць сабе пра клопат аб збаўленні ўласнай душы і час ад часу „выплываць на глыбіню“. Калі мы гэта не будзем рабіць, то ад каго чакаць?»,

— звярнуў увагу іерарх, заклікаўшы быць прыкладам годнага хрысціянскага жыцця і захоўваць святарскі аўтарытэт.

Пасля святой Імшы адбылася кароткая арганізацыйная сустрэча, падчас якой біскуп Алег Буткевіч і канцлер ксёндз Віктар Місевіч адказалі на пытанні, а таксама пазнаёмілі прысутных з запланаванымі падзеямі на наступны, 2024 год і прадставілі справаздачы за год мінулы.

Напрыканцы сустрэчы ўсе прысутныя дзяліліся аплаткай і выказвалі адзін аднаму шчырыя пажаданні.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.