Пошук

26.10.2017 12:08   Тэкст і фота: Кс. Юзаф Сярпейка / Catholic.by

25 кастрычніка ў Горках прайшла пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Магілёўшчыны. Узначаліў сустрэчу біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

На супольную малітву духавенства Магілёўшчыны сабралася ў парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках, дзе сваё служэнне здзяйсняе кс. Андрэй Кеўліч. Прамову да духавенства падрыхтаваў кс. канонік Андрэй Далянскі, духоўны айцец рэгіёну.

Канферэнцыя была прысвечана тэме «Святар і народ разам, каб служыць». Духоўны айцец рэгіёну засяродзіў увагу духавенства на неабходнасці пастаяннага паглыблення свайго святарскага і манаскага жыцця праз чытанне Божага слова, а таксама знакаў часу, каб «распазнаваць Божы план адносна нас саміх і людзей, якім служым».

«Вялікая пагроза для нас, святароў і манаскіх асобаў, — трапіць у спакусу “святога спакою”, каб нічога не змяняць, а таксама ў спакусу хваліць мінулае і наракаць на сучасны час», — дадаў кс. Андрэй Далянскі.

Спасылаючыся на навучанне Другога Ватыканскага Сабору, святар заклікаў да дынамізму ў служэнні і вітання актыўнага ўдзелу ў жыцці супольнасці Касцёла свецкіх людзей. «Святар пры гэтым не губляе свайго значэння, а становіцца каардынатарам дароў, пакліканняў і харызмаў сярод вернікаў», — дадаў ксёндз канонік. Актыўнае супрацоўніцтва са свецкімі, па словах святара, нават на магілёўскай зямлі, дзе часам вернікаў і мала, пакідае больш часу на малітву, разважанне над Божым словам, на духоўнае жыццё, што спрыяе ўласнай перамене і ўзрастанню.

Працягам сустрэчы стала выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, магчымасць прыватнай адарыцыі і скарыстання з сакрамэнту пакаяння.

Святую Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDВ, які ў сваёй гаміліі працягнуў разважанні духоўнага айца рэгіёну на тэму служэння.

«Падчас Апошняй Вячэры Езус абмыў ногі сваім вучням. Гэта быў прыклад сапраўднага служэння іншым, — адзначыў іерарх. — Верагодна, перад кожным апосталам Ён павінен быў стаць на калені, нахіліцца. Ён абмыў ногі ўсім, у тым ліку і Юду, нягледзячы на тое, што ведаў: менавіта ён здрадзіць Яму. Хрыстус зрабіў гэта, каб навучыць нас чамусьці важнаму, што выяўляюць словы, якія запісаў евангеліст Ян: “Калі ж Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму” (Ян 13, 14). У словах і жэсце Езуса гаворка ідзе не пра тое, каб мыць ногі камусьці кожны год, кожны тыдзень або кожны дзень, але пра тое, каб навучыцца рабіць штосьці добрае іншаму ў штодзённым жыцці. Не ў касцёле, не ў святарскай і манаскай супольнасці, не напаказ перад іншымі, але ў звычайным жыцці. Менавіта гэта Езус называе служэннем».

Біскуп таксама звярнуў увагу духавенства на словы Хрыста пра жаданне быць першым: «Хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе вашым нявольнікам. Бо Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх» (Мц 20, 27-28).

«Было б добра зразумець, што зварот “хто хоча сярод вас быць першым” датычыць кожнага, а не толькі тых, хто ў касцёле, у манаскай супольнасці або ў грамадстве займае першае месца, — дадаў біскуп. — Калі я хачу, каб мяне перапрасілі, то насамрэч не толькі таму, што прагну справядлівасці, але і таму, што хачу быць першым. Калі я бунтую супраць Папы, біскупа, настаяцеля ці настаяцельніцы, выхавацеля і г.д., то прычына ў тым, што я хачу быць першым. Проста апраўдваю гэтае пачуццё рознымі тлумачэннямі».

Біскуп заклікаў задумацца над рымскім выказваннем do ut des («я даю, каб ты даваў»). «Сам па сабе такі чын не з’яўляецца дрэнным, аднак гэта нельга назваць служэннем, — падкрэсліў іерарх. — Каб нашае “даваць” іншаму стала служэннем, трэба быць бескарыслівым».

На заканчэнне біскуп Аляксандр заклікаў быць удзячнымі Богу за дар веры і адкуплення, быць «удзячнымі ў службе іншым», а таксама «мець адкрытыя вочы — каб заўважаць і любіць».

Наступная пастырская сустрэча пройдзе ў Бабруйску 11 лістапада ў 12.00. Падчас святой Імшы семінарысту Паўлу Сідарэнку будзе ўдзелена дыяканскае пасвячэнне. Адным з пунктаў пастырскай сустрэчы стане малітва за спачылае духавенства Магілёўшчыны.

Абноўлена 26.10.2017 14:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа