21 кастрычніка ў Цэнтры «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Ляскоўцы прайшла інаўгурацыя новага навучальнага года на Курсах сямейнага жыцця, якія арганізоўвае Бюро Рады па справах сям'і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Урачыстую св. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У гаміліі іерарх падкрэсліў, як важна быць сведкам Хрыста ў свеце, бо сучаснае грамадства неаднойчы прапануе каштоўнасці зусім далёкія ад хрысціянскіх.
Навучэнцы курсаў, як дадаў біскуп, маюць асаблівую магчымасць пазнаваць і паглыбляць каталіцкую навуку ў сферы сям’і і сужэнства, а таксама актыўна ўдзельнічаць у абароне кожнага чалавечага жыцця.
«Удзельнікі Курсаў сямейнага жыцця становяцца сапраўднай сям’ёй, у якой могуць дзяліцца сваімі радасцямі і праблемамі, знайсці аднадумцаў і паплечнікаў у справе абароны традыцыйнай сям’і і новага жыцця», — падкрэсліў біскуп Юрый.
У гэты дзень навучэнцам быў прачытаны інаўгурацыйны даклад, які падрыхтаваў кс. д-р Аляксандр Улас, дырэктар «Радыё Марыя» ў Беларусі і выкладчык маральнай тэалогіі ў Мінскім Тэалагічным Каледжы імя св. Яна Хрысціцеля. Тэма даклада — «Праблематыка экстракарпаральнага апладнення (ЭКА) у святле навучання Каталіцкага Касцёла».
Дырэктар Курсаў сямейнага жыцця а. Сяргей Трысцень OCD прадставіў статыстыку адносна студэнтаў і выпускнікоў Курсаў сямейнага жыцця за апошнія гады і прывітаў дзесяць новых слухачоў курсаў.
Напрыканцы сустрэчы біскуп уручыў дыпломы выпускнікам 2017 года, якія, у сваю чаргу, падзякавалі выкладчыкам і кіраўніцтву курсаў за веды, здабытыя за тры гады навучання.
Біскуп Касабуцкі благаславіў студэнтаў і выкладчыкаў на новы навучальны год.
Курсы сямейнага жыцця ў Мінску існуюць пры Бюро Рады па Справах сям'і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з 2011 года, на якіх рыхтуюцца дарадчыкі ў сяменай сферы і інструктары натуральнага планавання сям’і ў вобласці сімптатэрмальнага метаду.