Юрыю Рышкевічу 37 гадоў. Ён спявае ў парафіяльным хоры ў парафіі Нараджэння Маці Божай у Браславе, якой апякуюцца айцы сальватарыяне.
Менавіта Юрыю разам з напарнікам выпала заданне прывезці ў парафію арган, які сабратам у Браслаў вырашыла перадаць сальватарыянская парафія ў Берліне.
Мужчына прыбыў у сталіцу Германіі, каб у дэталях сфатаграфаваць працэс разборкі аргана, у якім ён прымаў непасрэдны ўдзел. Было зроблена каля 500 (!) здымкаў, дадаткова Юрый здымаў усё на відэакамеру.
Пасля вяртання ў Браслаў ужо сваімі рукамі, без аніякіх інструкцый, мужчына ў адзіночку, выкарыстоўваючы фотаздымкі і відэа, сабраў арган нанова. Праца заняла каля трох месяцаў.
Транспарціроўка музычнага інструмента стала магчымай дзякуючы сям’і ахвярадаўцаў з Берліна. У жніўні для настройкі ў Браслаў прыехаў арганны майстар Белдзяржфілармоніі Генадзь Чарняўскі з жонкай Аксанай, наладчыцай клавішных інструментаў. Менш чым за тыдзень яны «ажывілі» музычны інструмент. Каб не замінаць набажэнствам, майстры працавалі нават па начах.
15 кастрычніка біскуп Віцебскі Алег Буткевіч благаславіў новы арган.
«Гэту святыню нельга ўявіць без арганнай музыкі, — адзначыў іерарх. — Заслуга ў гэтым яшчэ ксяндза Чэслава Вільчынскага, які разумеў важнасць касцёльнай музыкі. І, наколькі дазвалялі магчымасці ў той яшчэ савецкі час, клапаціўся пра літургію і арган — яго неад’емную частку. У Бога на ўсё свой час. І сёння мы дзякуем Богу за тое, што ў гэтай святыні нанова, з новай прыгажосцю гучыць арган».
Пасля Імшы адбыўся канцэрт арганнай музыкі ў выкананні Ёхана Трумэра, прафесара ўніверсітэта музыкі і сцэнічных мастацтваў у аўстрыйскім Грацы.