Пошук

12.10.2017 08:28   Ганна Баярчук / Catholic.by

Удзельнікі рэкалекцый «Сужэнскіх сустрэч» прапануюць чытачам Сatholic.by серыю публікацый пра жыццёвыя змаганні сужонкаў за сваё сямейнае шчасце. Гэта гісторыі пра тое, як пары змаглі справіцца з цяжкасцямі ў сваіх адносінах. Магчыма, гэтыя аповеды дапамогуць камусьцi знайсці выйсце з тупіку, дадуць надзеі.

Нататкі з прыватнага дзённіка

«…Я практыкуючая каталічка, а мой муж за дзевяць гадоў сужэнскага жыцця касцёл наведаў толькі тры разы: у дзень нашага шлюбу і на хрышчэнні нашых дзвюх дачок. І ўсё… З-за гэтага я вельмі пакутую. Часам ува мне ўсё крычыць! Я адчуваю сябе самотнай, бо ён не падзяляе мой светапогляд! Ён глядзіць на мяне, як на дзівачку са сваёй верай. А я ж так моцна патрабую яго разумення, каб разам жыць хрысціянскімі каштоўнасцямі і на іх падмурку будаваць сям’ю, выхоўваць нашых дзяўчынак. Ён добры муж і бацька, сумленны і спагадлівы чалавек. Але паміж намi дыстанцыя і непаразуменні! Што мне рабіць? Як пераканаць мужа? Дзе знайсці падтрымку?..»

Гэтыя радкі ў сваім дзённіку я, Ганна Баярчук (сёння ўжо вядучая «Сужэнскіх сустрэч»), напісала дзевяць гадоў таму. У кожным з гэтых словаў быў крык маёй душы.

Дзевяць гадоў таму я не магла адчуваць сябе шчаслівай у сямейным жыцці. Мы з мужам назапасілі шмат рознагалоссяў і непаразумення. Я лічыла, што менавіта мой муж — крыніца праблем у нашым сямейным жыцці. Бо гэта ён мяне не разумее. А я раблю ўсё дзеля дабра нашай сям’і.

Паратунак і вырашэнне ўсіх нашых праблем я бачыла ў яго прыйсці да веры. Галоўнай маёй мэтай было любым чынам «выратаваць свайго аблуднага мужа», «навучыць яго праўдзіваму шляху». Я падсоўвала на бачнае месца рэлігійную літаратуру, падгаворвала касцёльных прыяцеляў пагаварыць з ім. Але гэта вельмі моцна раздражняла яго. Я малілася і дзейнічала, лічачы, што, як толькі ён прыйдзе да веры, у нашай сям’і настане поўная ідылія.

Аднойчы, калі пачула ў касцёле абвестку пра рэкалекцыі ад «Сужэнскіх сустрэч», мне падумалася, што месцам «настаўлення на розум» у тым ліку могуць стаць гэтыя рэкалекцыі. Я пацягнула яго туды ў надзеі, што на яго там паўплываюць (да гэтага часу не разумею, як ён даў сваю згоду пры яго скептыцызме). Але, на маё здзіўленне, атрымалася зусім не так, як я сабе напланавала.

Ен прыадчыніў свой свет; і той, каго я лічыла «аблудным», здзівіў мяне...

Там не было гучных пропаведзяў, доўгіх лекцый, якія змяняюць свядомасць. Усё было нечакана. Па пэўнай праграме нам стварылі ўмовы для нашага дыялогу! Нам было вельмі нялёгка, у нейкія моманты наш дыялог быў занадта цяжкім. Але так блізка я не адчувала мужа за ўсе гады нашага сужэнства! Што гэта? Як гэта?!! Аказваецца, ёсць не толькі я, якая тоне ў сваіх неапраўданых спадзяваннях і незадаволеных патрэбах. Але ёсць мой муж! Ён таксама мае патрэбу ў маім разуменні! І ў яго ёсць свае патрэбы і чаканні ад нашага сужэнства. Ен прыадчыніў свой свет; і той, каго я лічыла «аблудным», здзівіў мяне сваім унутраным светам! Атрымалася ўбачыць менавіта ў сабе нямала праблем: што ўсе гэтыя гады я даміную над мужам, даю яму мала свабоды, шмат кажу і «душу» яго сваімі чаканнямі.

Адышлі страх і мая зацыкленасць, што з ім штосьці не так. Мы абое вельмі глыбока перажылі гэтыя рэкалекцыі, і гэта было рэальным абнаўленнем нашых сужэнскіх адносін. Я ехала змяніць мужа, але нечакана адкрыла яго для сябе нанова і па-іншаму паглядзела на сваё стаўленне да яго. І мы нанова адкрылі нашае каханне.

…Сёння, праз дзевяць гадоў пасля першых перажытых рэкалекцый, скажу, што за гэтыя гады ў нашым з Пашкам сужэнскім жыцці адбылося нямала цудаў. Мы абое ўмацаваліся ў веры і ўмацавалі наш дыялог. За гэтым стаяць наша вялізнае жаданне і высілак. Вырас давер паміж намі, мы адчуваем узаемнае каханне, як вынік — у нас яшчэ нарадзіліся дзеці. Мы разумеем, што наш сужэнскі дыялог рэдка бывае лёгкім, але мы хочам яго працягваць, працуем над ім усе гэтыя гады, і ён прыносіць нам задавальненне. Наш дыялог — гэта асаблівае месца нашых узаемаадносін і сувязі з Панам Богам!

Мы з Пашам ужо больш за восем гадоў самі праводзім гэтыя рэкалекцыi. Сёння я ведаю дакладна, што памылялася, уяўляючы, што ў рэлігійнай сям’і абавязкова існуе сямейная ідылія. Не, гэта міф! Усе маюць руціну, цяжкасці, сутыкаюцца з неразуменнем і расчараваннямі. Але я ўпэўнена, што праз ўікэнд ад «Сужэнскіх сустрэч» кожная пара, нечакана для сябе, зможа абнавіць свае ўзаемаадносіны, умацаваць каханне, напоўніць свой дыялог разуменнем, а сужэнскае жыццё радасцю!

Рэкалекцыі для вашага сужэнства

З 20 па 22 кастрычніка «Сужэнскія сустрэчы» ладзяць чарговыя рэкалекцыі ў в. Ляскоўка (Бараўляны) у цэнтры «Карытас». Яны могуць стаць часам абнаўлення і вашага кахання!

Кантактны нумар:
+375 (29) 772-91-66 Ганна Баярчук, вядучая разам з мужам Паўлам «Сужэнскіх сустрэч»

Абноўлена 21.03.2018 10:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа