Пошук

09.10.2017 11:24   Catholic.by

8 кастрычніка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў з пастырскім візітам парафію Божага Цела ў Беразінскім. Галоўнай мэтай візіту іерарха было асвячэнне бакавога алтара Езуса Хрыста і благаслаўленне стацый новага Крыжовага шляху.

На пачатку святой Імшы арцыбіскуп павіншаваў пробашча парафіі кс. Сяргея Бараўнёва з імянінамі, якія ён адзначаў напярэдадні, падзякаваў яму за клопат аб святыні і за традыцыйныя экуменічныя фестывалі духоўнай музыкі “Laudato si”, якія з’яўляюцца добрай прыладай да новай евангелізацыі.

У гаміліі Мітрапаліт засяродзіў увагу на чытаннях XXVII Звычайнай нядзелі, дзе гаворыцца пра вінаграднік як вобраз Божага Валадарства і пра яго працаўнікоў.

Іерарх адзначыў, што агульнай тэмай усіх гэтых чытанняў з’яўляецца неабходнасць прыносіць плён хрысціянскага жыцця. Таксама чытанні папярэджваюць пра Божую кару за духоўную бясплоднасць, няўдзячнасць і грэшнасць.

 

Заўважаючы, што першае чытанне ў біблійнай літаратуры традыцыйна называецца “Песняй Ісаі пра вінаграднік”, дзе прарок апісвае Божы клопат пра Выбраны народ і свае спадзяванні адносна яго, арцыбіскуп сказаў: “Выбраны народ не выкарыстоўваў шчодрага Божага благаслаўлення і таму не прыносіў чаканага духоўнага плёну. Нездарма прарок Ісая выказвае занепакоенасць Бога, які чакаў добрага ўраджаю, але замест яго атрымаў горкія ягады. Менавіта таму Бог карае Выбраны народ". А аўтар рэспансарыйнага псальма просіць Бога зірнуць з неба на зямлю і паклапаціцца пра Вінаграднік, бо ніхто іншы гэтага не робіць.  

У другім чытанні, працягваў Мітрапаліт, апостал Павел выказвае спадзяванні, што філіпійцы стануць духоўна прадуктыўнамі хрысціянамі, для чаго яны павінны маліцца, праслаўляць Бога і быць справядлівымі.

Разважаючы над чытаннем Евангелля, якое прадстаўляе прыпавесць аб гаспадары вінаградніку і арандатарах, іерарх адзначыў, што практыка арэнды існавала даўно і была вельмі распаўсюджана ў Палесціне. Гаспадар, як патлумачыў арцыбіскуп, – гэта Бог, арандатары – няўдзячныя людзі. “Евангельская гісторыя прадстаўляе духоўнае падзенне арандатараў. У жыцці часта бывае так, што арандатар хоча заняць месца гаспадара. Ён не плаціць арэнды і нярэдка імкнецца нават забраць сабе маёмасць гаспадара”, - дадаў Мітрапаліт.

“Праз месяц мы будзем успамінаць 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая стала пачаткам цывілізацыйнай катастрофы на нашай геапалітычнай прасторы. У чым была яе прычына? Напэўна, адной з іх была сацыяльная несправядлівасць, супраць якой паўсталі бедныя. Прыйшоў час, калі нізы больш не маглі жыць па-старому, а вярхі – па-новаму. Гэта зразумела, але гэтую складаную сітуацыю выкарысталі камуністы і атэісты, што стала прычынай трагедыі, наступствы якой мы яшчэ не змаглі выправіць”, - сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Аб падобнай рэвалюцыі, па словах іерарха, нагадвае і гэтае чытанне Евангелля. Гаспадар пасылае сваіх слугаў, каб яны ўзялі належную арэндную плату, аднак арандатары іх забілі. Гаспадар шле свайго сына – і яго яны таксама забіваюць. Як патлумачыў Мітрапаліт, гэта “алегорыя на прарокаў, якіх Бог пасылаў, каб дапамаглі Выбранаму народу выправіць яго грэшнае жыццё”, а таксама “алегорыя на Езуса, якога Бог Айцец паслаў, каб збавіў свет”.  

“Сённяшняе Евангелле не страціла сваёй актуальнасці і ў наш час, - адзначыў арцыпастыр. - Дзякуючы пасхальнай таямніцы Езуса Хрыста, гэта азначае Яго крыжовай смерці і ўваскрасенню, мы сталі выбранымі дзецьмі Божымі, новым Ізраэлем, новым Божым народам. Бог адорвае нас сваім благаслаўленнем і ласкамі. Асабліва ласкай свабоды веравызнання, як спаўнення фацімскіх аб’яўленняў. 100 гадоў таму, у тым самым фатальным 1917 годзе, калі адбылася крывавая Кастрычніцкая рэвалюцыя, Марыя ў далёкай Фаціме заклікала да навяртання і малітвы і прадказала наступленне новых часоў”.

“Фацімскія аб’яўленні сталі променем надзеі ў цемры атэізму. Гэтая надзея ажыццяўляецца. Аднак у той жа час чалавек адыходзіць ад Бога і Яго вучэння. Ён імкнецца змяніць Евангелле, забываючыся аб тым, што яно павінна змяняць яго самога. Гэтым самым сучасны чалавек становіцца на шлях рэвалюцыі супраць справядлівага Бога”, - падкрэсліў іерарх.

“Хрыстус заснаваў Касцёл, у якім мы атрымліваем усё неабходнае, каб прыносць добры плён і быць не духоўна стэрыльнымі, але пладавітымі”, - дадаў Мітрапаліт. Пры гэтым арцыбіскуп узгадаў, што ў гэты дзень асвячаецца алтар Езуса Хрыста, “які будзе дапамагаць у тым, каб у духоўнай цемры сучаснага свету весці людзей да Таго, які ёсць адзіным Збаўцам свету ўчора, сёння і ва ўсе часы”, і благаслаўляецца Крыжовы шлях, “які будзе дапамагаць у перажыванні збаўчых цярпенняў Езуса”.

“У Евангеллі Езус кажа, што камень, адкінуты будаўнікамі, стаўся вуглавым. Мы добра ведаем, што вуглавы камень з’яўляецца вельмі важным у будоўлі новага дома. Мы будуем Божае Валадарства, і, нягледзячы на тое, што свет вельмі часта не ўспрымае веруючых і нават адкідвае ад сябе, мы павінны памятаць аб тым, што можам стаць вуглавым каменем будоўлі новага духоўнага свету”, - звярнуў увагу арцыпастыр.

Мітрапаліт Кандрусевіч пажадаў вернікам беразінскай парафіі “не баяцца новых антыдухоўных выклікаў нашага часу і адважна супрацьстаяць ім, каб несці духоўны плён у наш секулярны свет і быць сапраўдным вуглавымі камянямі фундаменту, на якім Бог будуе новы Ерузалем”.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця