Старшыня Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы кардынал Анджэло Баньяска 1 кастрычніка наведаў у Мінску Хрысціянскі сацыяльны цэнтр, які будуецца Місіяй Добрага Самараніна пад апекай святой Уршулі Ледухоўскай.
На сустрэчу сабраліся дзеці і бацькі, моладзь, вернікі розных парафій: у асобе кардынала Анджэло Баньяска яны віталі не толькі шаноўнага госця, але і дабрачынцу, дзякуючы дапамозе якога ўзводзіцца гэты цэнтр.
Хрысціянскі сацыяльны цэнтр унікальны і назвычай важны для нашага горада. У ім ствараюцца ўмовы для выхаваўчай і дабрачыннай дзейнасці, дапамогі дзецям з асаблівымі патрабаваннямі. Больш за тое, у цэнтры змогуць праявіць свае прафесійныя здольнасці і спецыялісты з асаблівымі патрабаваннямі — тут робіцца ўсё неабходнае для іх працаўладкавання.
Дырэктар Місіі сястра Часлава Навіцкая USJK падкрэсліла, што ў цэнтры можна будзе атрымаць і выхаванне, і духоўную падтрымку, але перш за ўсё — «кавалак хлеба». І невыпадкова галоўнай падзеяй падчас сустрэчы стала благаслаўленне абраза — копіі знакамітай «Апошняй вячэры» Леанарда да Вінчы — і благаслаўленне хлеба, якім пасля частаваліся ўсе прысутныя.
Па словах Старшыні РКБЕ, менавіта ў вобразе Апошняй вячэры найлепш адлюстравана прызначэнне цэнтра: даваць кожнаму патрабуючаму хлеб для цела і хлеб для душы — Эўхарыстыю.
Копія «Апошняй вячэры» для Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра створана студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам выкладчыка Алеся Багданава. Асаблівую падзяку за гэтую працу выказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прысутнаму на ўрачыстасці рэктару акадэміі Міхаілу Баразне.
Разважаючы пра ролю хрысціянскага выхавання ў сучасным свеце, кардынал Анджэло Баньяска адзначыў, што ўбачыў у Беларусі супольнасць людзей, адважных у сваёй веры. «Вашае сведчанне служыць таксама і для іншых Касцёлаў-сясцёр, асабліва ў Заходняй Еўропе», — падкрэсліў іерарх.
«Будзьце заўсёды разам, будзьце еднымі — бацькі і дзеці разам са сваімі пастырамі і выхавацелямі — для лепшага сведчання», — заклікаў кардынал Анджэло Баньяска.