1 кастрычніка пад новую святыню ў Гатаве быў умураваны вуглавы камень з Грота Аб’яўленняў св. Арханёла Міхала на гары Гаргано, які ў 2013 годзе рэктар санктуарыя кс. Уладзіслаў Сухі падарыў групе пілігрымаў з Беларусі. Урачыстасць узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Касцёл у Гатаве носіць тытул св. Міхала Арханёла, душпастырскую апеку ў парафіі ўжо больш за 12 гадоў ажыццяўляюць айцы міхаліты. Іх прадстаўнiкaм на ўрачыстасці был настаяцель тэрытарыяльнай супольнасці ў Беларусі кс. Мар’ян Хаменя. Прыбылі таксама іншыя браты: кс. Станіслаў Пытэль з Васілішак і кс. Генадзь Кухарэвіч з Мінска.
Урачыстасць пачалася ў гадзіну Божай Міласэрнасці. Біскуп разам з 11 святарамі цэлебраваў святую Імшу на алтары, усталяваным на прыступкaх галоўнага ўвахода новай святыні. Падчас Эўхарыстыі 12 парафіян прынялі сакрамэнт канфірмацыі.
Звяртаючыся ў гаміліі да шматлікіх прысутных, іерарх казаў аб неабходнасці жывой веры. Па словах біскупа, пачуцці мінаюць, a на самой справе важным з’яўляецца стаўленне чалавека, яго рашэнне, каб верна жыць з Богам. Іерарх заклікаў парафіян у іх штодзённым добрасумленным выкананні волі Стварыцеля звяртацца па дапамогу да свайго заступніка – св. арханёла Міхала. Захапленне Богам, як дадаў біскуп, дае сілы, каб ніколі Яму не здрадзіць, а вера становіцца радаснай і адважнай.
Дары ахвяры прыносілі да алтара дзеці, якія ў гэтым катэхетычным годзе першы раз прымуць Пана Езуса ў Эўхарыстыі.
Пасля святой Камуніі да біскупа з просьбай аб асвячэнні каменя звярнуўся пробашч парафіі кс. Крыштаф Посвята. Святар нагадаў, што на Гаргано знаходзіцца надпіс: “Тут, дзе трэснула скала, будуць разрывацца каменныя людскія сэрцы, каб зноў паяднацца з Богам”, - і выказаў надзею, што гэтае месца на беларускай зямлі таксама стане маленькім Гаргано, бо толькі пазнанне Божай любові і жыццё ў сяброўстве з Ім дае сэнс нашай вандроўцы і намаганням.
Пасля асвячэння каменя дэкрэт на лацінскай мове прачытаў канцлeр курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Дзмітрый Пухальскі. Затым дэкрэт быў падпісаны біскупам і ўсімі прысутнымі святарамі і ўмураваны разам з вуглавым каменем у сцяну касцёла. Сам камень змешчаны ў табліцу з бронзы, на якой знаходзяцца надпісы на беларускай мове: “Святы арханёле Міхале, князю войскаў анёльскіх! Занясі нашыя просьбы да Бога i выпрасі для нас Яго міласэрнасць” і „Вуглавы камень з Грота Аб'яўленняў cв. Міхала Арханёла на гары Гаргано (Італія) благаслаўлёны і ўмураваны біскупам Юрыем Касабуцкім 1 Х 2017 года”.
Пасля гімна Te Deum словы падзякі да галоўнага цэлебранта, усіх святароў, сясцёр законных (прысутнічалі с. Элігія з Шылавіч і с. Антаніна з Васілішак), архітэктара Міхаіла Калечыца, будаўнікоў, ахвярадаўцаў і ўсіх прысутных на ўрачыстасці скіравала Алена Захарэвіч, старшыня парафіяльнай рады.
Свята скончылася пастырскім благаслаўленнем і супольным фотаздымкам біскупа з вернікамі, якія атрымалі ў гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі. Пасля ў пастаральным цэнтры „Міхаэль” адбылася невялікая артыстычная праграма ў выкананні вялікіх і маленькіх парафіян. Спецыяльна да гэтага выпадку быў падрыхтаваны фільм, які адлюстраваў некаторыя падзеі з жыцця супольнасці, а таксама прадстаўлена песня, прысвечаная ўсім былым пробашчам у Гатавe.
Напрыканцы адбылася агапа, ці „салодкі стол”. “Гэта быў вельмі цёплы дзень, бо, хоць звонку панаваў холад, запалалі нашыя сэрцы”, - казалі некаторыя з удзельнікаў урачыстасці.