Пошук

01.10.2017 10:07   Grodnensis.by / Catholic.by

29 верасня, у свята св. арханёла Міхала, апекуна Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч благаславіў капліцу ў новым рэкалекцыйным доме ў Росі (Ваўкавыскі дэканат). Таксама іерарх асвяціў алтар.

На святой Імшы, якую ўзначаліў гродзенскі ардынарый, у новай прыгожай капліцы сабраліся духоўныя і свецкія асобы, якія прыбылі, каб быць сведкамі гэтай незвычайнай падзеі. Вітаючы ўсіх прысутных, кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч, кусташ санктуарыя Пана Езуса Журботнага ў Росі, адзначыў, што рэалізацыя гэтага праекту і будаўніцтва дома “Міласэрнасць” стала магчымым дзякуючы ахвярнасці многіх людзей, якія матэрыяльна і духоўна падтрымлівалі гэтую справу. Святар выказаў удзячнасць усім ахвярадаўцам, а таксама будаўнікам, якія былі задзейнічаны пры ўзвядзенні будынка.

У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што кожны чалавек адчувае, як нялёгка ісці за Хрыстом, як цяжка ўвасабляць у жыццё ідэалы Яго Евангелля, як многага каштуе заўсёды і ў кожнай сітуацыі слухаць голас уласнага сумлення, пазбягаць зла і выбіраць дабро. “Часта чалавек адчувае спакусу пайсці лёгкім шляхам, па лініі найменшага супраціву, шукання кампрамісу са злом і абірання фальшывых каштоўнасцяў”, – дадаў іерарх.

Біскуп адзначыў, што ў гэтым штодзённым змаганні са злом чалавек, аднак, не самотны, яму спадарожнічае Хрыстус, які падтрымлівае сваёй ласкай.

Кажучы пра новы рэкалекцыйны дом і капліцу, благаслаўленне якой адбылося ў гэты дзень, іерарх выказаў пажаданне, каб яны служылі аднаўленню духоўнага жыцця вернікаў і духавенства, якія будуць сюды прыбываць.

“Няхай усе сэрцы, якія прагнуць Пана Бога, у гэтым месцы будуць насычаны Яго прысутнасцю, няхай адчуюць супакой, радасць і моц з вышыняў”, – сказаў гродзенскі ардынарый.

Біскуп Кашкевіч падзякаваў усім, хто паспрыяў паўстанню гэтага новага месца ў дыяцэзіі, якое стане своеасаблівым духоўным “санаторыем”, дзе можна будзе набрацца духоўных сіл для таго, каб далей ісці праз жыццё. Іерарх асаблівым чынам падзякаваў кс. каноніку Чэславу Паўлюкевічу за працу і ініцыятыву, усім дабрадзеям і ахвярадаўцам, без фінансавай падтрымкі якіх паўстанне рэкалекцыйнага дома не было б магчымым.

Новы рэкалекцыйны дом “Міласэрнасць”, які паўстаў у Росі, будзе служыць для ўдзельнікаў рэкалекцый і іншых фармацыйных сустрэч, якія адбываюцца ў гэтым месцы.

Абноўлена 01.10.2017 10:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа