У мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай 24 верасня была створана малітоўная група шанавальнікаў Марыі ў абразе Маці Божай Тройчы Цудоўнай. Члены групы ўтвараюць колы, якія з’яўляюцца часткай Міжнароднага Шанштацкага Руху.
Яны рэгулярна прымаюць у свае дамы пілігрымуючы абраз Маці Божай Тройчы Цудоўнай, каб супольна маліцца. Перэгрынацыя абраза Марыі па сем’ях з’яўляецца адной з формаў евангелізацыі, якая ўзнікла і развілася ў Шанштацкім Руху. Марыя, наведваючы ў сваім абразе сем’і, збірае іх на малітву, пабуджае да глыбейшага сакрамэнтальнага жыцця і ажыўляе апостальскі дух вернікаў.
Міжнародны Шанштацкі Рух быў заснаваны Слугою Божым а. Ёзафам Кэнтэніхам у 1914 г. у Шанштаце (Германія). Ён мае марыйны, выхаваўчы і апостальскі характар. У Шанштацкім Руху Марыя ўшаноўваецца як Маці Тройчы Цудоўная. Тытул указвае на адносіны Маці Божай з Трыма Боскімі Асобамі. Характарызуе яе як Дачку Бога Айца, Маці Сына Божага і Абранніцу Духа Святога.
Шанштацкі Рух распаўсюджаны сёння ў 90 краінах свету.