Пошук


Унікальную знаходку выявілі на выездзе з в. Прылукі Мінскага раёна яшчэ некалькі гадоў таму — надмагільныя помнікі з залатагорскіх могілак былі звалены ў кучу ў лесе побач з вёскай.

Аднак толькі сёлета грамадскасць звярнула на іх увагу. Дзякуючы намаганням сяброў з ГА «Гісторыка», Сеніцкага сельскага савета і дапамозе неабыякавых людзей 19 верасня помнікі былі перавезены ў Мінск на тэрыторыю парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы.

Прывезеныя 12 надмагільных пліт — невялікая частка тых помнікаў, якія, як адзначаюць спецыялісты, калісьці стаялі на могілках Залатой Горкі.

«Могілкі, якія існавалі на прыкасцёльнай тэрыторыі і калісьці займалі 3-4 га, пачалі разбурацца ў 1930-х, калі касцёл быў закрыты. Канчаткова іх зруйнавалі ў 1980-я і забудавалі», — адзначае пробашч залатагорскай парафіі кс. Юрый Санько.

Святар дадаў, што сёння вядзецца праца па стварэнні праекта помніка могілкам на Залатой Горцы.

«Помнік з’явіцца на прыкасцёльнай тэрыторыі, верагодна, ужо ў наступным годзе і стане ўшанаваннем памяці пахаваных тут, чые магілы за гэты час былі знесены», — расказаў пробашч у каментарыі Catholic.by.

  

Як знайшлі надмагільныя помнікі?

Помнікі ў Мінскім раёне знайшлі выпадкова. Пры гэтым адзначаецца, што мясцовыя жыхары ведалі і раней, што гэтыя надмагіллі з залатагорскіх могілак.

Павел Іваніцкі, старшыня МГА «Гісторыка», быў адным з першых, хто зацікавіўся знаходкай.

«Паўгода таму ў адной з сацыяльных сетак я пабачыў каментарый мінчука, які сцвярджаў, што ведае, дзе знаходзяцца помнікі з былых залатагорскіх могілак у Мінску. Я зацікавіўся і напісаў яму. Мы сустрэліся і з’ездзілі на тое месца пад Сеніцай. Адтуль усё і пачалося».

Як адзначае Павел, знойдзеныя пліты з эпітафіямі — толькі частка зніклых надмагілляў з былых могілак. Дзе астатняе — невядома.

«Калі хтосьці бачыў падобныя помнікі дзе-небудзь у лесе або ў суседа на гародчыку, раскажыце пра гэта. Гэта можа стаць працягам вяртання спадчыны залатагорскага касцёла», — дадаў Павел Іваніцкі.

Падрыхтоўка да перавозу надмагілляў у Мінск вялася ўвесь жнівень.

«Пасля знаходкі мы адразу звязаліся з кс. Юрыем, пробашчам касцёла на Залатой Горцы, — прыгадвае выканаўчы дырэктар МГА «Гісторыка» Таццяна Пятрова. — У справе транспарціроўкі насустрач нам пайшло кіраўніцтва Сеніцкага сельсавета».

У Мінск было прывезена 12 надмагільных помнікаў і шэраг кавалкаў помнікаў без надпісаў. Такія кавалкі, як правіла, служылі для помнікаў п’едэсталам.

Сучасны стан могілак на прыкасцёльнай тэрыторыі

Спраўдзіць сапраўднасць помнікаў дапамог архіў

На жаль, амаль усе метрычныя кнігі аб памерлых па залатагорскім касцёле другой паловы ХІХ — пачатку ХХ ст. былі страчаны падчас вайны.

Ідэнтыфікаваць прозвішчы на знойдзеных надмагільных плітах паспрабаваў супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі кандыдат гістарычных навук Вадзім Урублеўскі.

Паводле яго слоў, праца з мужчынскімі надмагіллямі ішла хутчэй, чым з жаночымі.

«Жанчыны менш прымалі ўдзел у грамадскім жыцці горада, таму радзей траплялі пад улік уладаў, — адзначыў Вадзім Урублеўскі. — Увогуле, кожны з помнікаў можна яшчэ вывучаць і вывучаць».

Паводле слоў гісторыка, звесткі пра чалавека па эпітафіі можна знайсці дастаткова лёгка, калі ведаць, дзе шукаць.

«Я працаваў з матэрыяламі фондаў па Мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе і Мінскай мяшчанскай управе, — дадае Вадзім Урублеўскі. — Гэтыя крыніцы не могуць дакладна сведчыць пра еднасць надмагілляў і могілак, але і не абвяргаюць гэтую верагоднасць. Тым не менш, пазначаныя на помніках асобы маглі быць пахаванымі на Залатой Горцы».

Гісторык адзначае, што той, каго хавалі на залатагорскіх могілках, як правіла, часцей за ўсё быў католікам і належаў да шляхты, таму асноўную частку помнікаў удалося ідэнтыфікаваць.

Даведка:

«Гісторыка» — грамадскае аб’яднанне, заснаванае ў 2000 г. Асноўныя мэты арганізацыі — даследаванне гісторыі Беларусі ў еўрапейскім кантэксце, папулярызацыя і садзейнічанне захаванню культурнай спадчыны.

Абноўлена 20.09.2017 14:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця