Пошук


19 верасня ў Мінску каля стэлы «Мінск — горад-герой» прайшоў святочны мітынг з нагоды Міжнароднага дня міру пад дэвізам «Разам на карысць міру». Адным з пунктаў мерапрыемства стала малітва за мір.

Сярод рэлігійных дзеячаў прысутнічалі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, муфцій Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Абу-Бекір Шабановіч, а таксама прадстаўнік Рэлігійнага аб'яднання абшчын прагрэсіўнага іўдаізму ў Беларусі.

У мітынгу прыняў удзел Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. У сваёй прамове каталіцкі іерарх падкрэсліў, што «праблема захавання міру старая, як стары свет»: «Дастаткова толькі ўспомніць Каіна, які забіў свайго брата Абеля. Стары Запавет шмат увагі прысвячае справе захавання міру, як адной з найбольш актуальных. Падчас Нараджэння Езуса анёльскія хоры спявалі: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі”. Гэтыя словы падкрэсліваюць, што галоўнай місіяй Езуса было ўстанаўленне міру як у сэрцах людзей, так і ў навакольным свеце».

   

Арцыбіскуп прыгадаў і тое, што Езус называе шчаслівымі міратворцаў. «На жаль, сучасны чалавек пазнаў таямніцу атаму, але ў той жа час адкінуў славутае нагорнае казанне Езуса, і гэты факт з’яўляецца прычынай многіх праблем, у тым ліку адсутнасці міру на зямлі».

Як падкрэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч, нават дзейнасць арганізацый, якія змагаюцца за мір, не ў стане гарантаваць поўны мір. «Ужо ідзе новая сусветная вайна ў фрагментарнай форме, сведчаннем чаму з’яўляюцца шматлікія ваенныя канфлікты ў розных частках свету і многія тэрарыстычныя акты», — дадаў іерарх і нагадаў пра важнасць малітвы і Божай дапамогі ў справе міру. «Нездарма Езус кажа, што без Яго нічога не ўдасца зрабіць», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Мітрапаліт заўважыў, што «развіццё навукі, калі не будзе выкарыстоўвацца згодна з маральнымі прынцыпамі, крые ў сабе небяспеку вайны».

Каталіцкі Касцёл, як нагадаў іерарх, вучыць, што «мір — гэта не толькі адсутнасць вайны, але і справа справядлівасці, таму мір немагчыма здабыць, яго неабходна будаваць». «Учыніць гэта магчыма праз узаемадзеянне розных народаў і дзяржаў у галіне грамадскага і прыватнага жыцця. У гэтым працэсе сацыяльная справядлівасць, якая з’яўляецца падмуркам грамадскага ладу, адыгрывае фундаментальную ролю. Акрамя гэтага, неабходна звяртаць увагу на захаванне годнасці кожнага чалавека, на праблему прабачэння і захавання прыроды, якая з’яўляецца нашым супольным домам», — дадаў арцыбіскуп.

«Мір не вядзе да страт, а вось вайна можа забраць усё», — падкрэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч і нагадаў, што Касцёл, як і Праваслаўная Царква, заклікае да вырашэння канфліктаў за сталом перамоў.

«Таму, як прыгожа, што сёння прадстаўнікі розных веравызнанняў разам сведчаць сваю прыхільнасць ідэалам міру, бо разам мы можам учыніць многа. І няхай у гэтым нам благаславіць Бог», — заключыў іерарх.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.