Пошук

18.09.2017 11:17   Алена Лубінская / Catholic.by

16 верасня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне адбылася ХІ Нацыянальная пілігрымка сем’яў пад дэвізам «Фаціма — заклік да асвячэння сем’яў». У санктуарыі сабраліся сем’і з розных куткоў Беларусі, каб дзякаваць Богу за атрыманыя ласкі і прасіць далейшага заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.

У сустрэчы прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў для пілігрымаў святую Імшу.

На пачатку сустрэчы кусташ санктуарыя а. Міхаіл Цвячкоўскі MIC прадставіў гісторыю фацімскіх аб’яўленняў, звяртаючы ўвагу на іх малітоўную частку і нязменную актуальнасць фацімскага паслання для сучаснага грамадства.

Лагічным працягам была ружанцовая малітва ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце, якую правялі асобныя сем’і. Разважанні дазволілі асаблівым чынам засяродзіцца на ролі Маці Божай у нашым жыцці і Яе мацярынскім клопаце аб сям’і.

Цэнтральным пунктам пілігрымкі стала ўрачыстая святая Імша, якую цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Гамілію арцыпастыр прысвяціў тэме евангелізацыі ў сям'і і праз сям'ю. Звяртаючыся да вернікаў, Мітрапаліт казаў пра сям’ю як падмурак грамадства, які павінен быць моцным.

     

Іерарх нагадаў удзельнікам пілігрымкі, што галоўным заданнем Касцёла на сучасным этапе яго развіцця з’яўляецца новая евангелізацыя.

Яна, па словах Мітрапаліта, актуальная не толькі ў заходнім свеце, які ўсё больш дэмаралізуецца, забываецца пра Бога і адыходзіць ад веры, але і ў Беларусі, якая, як сведчыць штодзённае жыццё, таксама вельмі моцна паддаецца ўплывам секулярызму, зерне якога падае на падатлівую, падрыхтаваную ў часы ваяўнічага атэізму глебу. Таму, падкрэсліў арцыпастыр, «гэты працэс вельмі небяспечны для нашай краіны, і людзі, асабліва моладзь, могуць вельмі хутка паддацца гэтым спакушэнням, прыклады чаго ўсё часцей можна ўбачыць нават няўзброеным вокам».

Арцыбіскуп нагадаў, што Сінод Біскупаў на тэму новай евангелізаці, які адбыўся ў 2012 г., заклікаў да пошуку новых шляхоў яе ажыццяўлення. «Такім шляхам можа быць сям’я. Для гэтага яна сама патрабуе грунтоўнай евангелізацыі, каб потым стаць дзейсным яе інструментам», — сказаў іерарх.

Касцёл, як адзначыў Мітрапаліт, вучыць, што сям’я, як галоўная клетка кожнага грамадства, павінна быць першай школай веры і хрысціянскай фармацыі. «Бацькі павінны клапаціцца не толькі пра матэрыяльны дабрабыт сваіх дзяцей, іх адукацыю, фізічнае здароўе і г.д., але таксама пра духоўную і чалавечую фармацыю. Яны павінны памятаць і аб тым, што з’яўляюцца першымі настаўнікамі сваіх дзяцей і ўнукаў. А каб такімі быць, найперш неабходна самім пастаянна паглыбляць свае хрысціянскія веды, каб потым іх перадаваць маладому пакаленню», — звярнуў увагу арцыбіскуп.

Бацькі, як дадаў Мітрапаліт, з’яўляюцца найбольшым аўтарытэтам для сваіх дзяцей, і гэта неабходна выкарыстаць не толькі ў свецкім жыцці, але таксама і ў духоўным. Толькі тады сям’я сама стане прыладай для евангелізацыі ў асяроддзі, дзе жыве. “Вакол нас так шмат няверуючых, тых, якія страцілі веру або чыя вера прыгасла, - сказаў іерарх. - Ім неабходна дапамагчы. Нельга нікога змушаць да веры, але з іншага боку нельга заставацца абыякавым у справе веры суседзяў і іншых людзей”.

Сапраўдная хрысціянская сям’я, падкрэсліў арцыбіскуп, павінна быць “евангельскай закваскай у грамадстве”. Езус у сваім вучэнні пра Божае Валадарства параўноўвае яго да закваскі, якую жанчына ўкладае ў муку, каб заквасілася ўсё цеста. Маленькая закваска робіць вялікую колькасць цеста зусім іншай, змяняе яго смак.

Таксама, па словах Мітрапаліта, і сям’я, маленькая клетка грамадства, можа якасна змяніць наваколле, уносячы ў яго евангельскія каштоўнасці.

Арцыбіскуп Кандрусевіч пажадаў беларускім сем’ям “адважна прымаць праўду Евангелля, ёю жыць і яе распаўсюджваць у нашым грамадстве, каб яго перамяняць”.

Таксама падчас святой Імшы адбылося аднаўленне сужэнскай прысягі. Гэтая традыцыя служыць умацаванню мужа і жонкі на шляху іх паклікання.

Заключным момантам пілігрымкі стаў Вяночак да Божай Міласэрнасці, які правялі вернікі з мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай, даручаючы Езусу Міласэрнаму ўсе сем’і, якія знаходзяцца ў крызісе, якія пакутуюць ад розных залежнасцяў.

Нацыянальная пілігрымка сем’яў стала сапраўднай традыцыяй, яна аб’ядноўвае вернікаў у адну супольнасць пад мацярынскім плашчом Панны Марыі.

Абноўлена 18.09.2017 11:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця