Пошук


 

Арыгіналы і факсіміле першых друкаваных кніг ХV-XVII стст. з сямі краін прадстаўлены на міжнароднай выставе «Францішак Скарына і яго эпоха» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Экспазіцыя паказвае, як кніга змяніла еўрапейскую прастору і як дзякуючы ёй развівалася еўрапейская цывілізацыя.

У адкрыцці экспазіцыі, якое прайшло 14 верасня, прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр і прадстаўнікі Катэдральнага капітула ў Мінску.

Выстава, як паведамляе БЕЛТА, пераносіць наведвальнікаў у тыя часы, калі кнігадрукаванне толькі зараджалася: з’явіліся першыя друкаваныя станкі, а звычайныя для рукі перапісчыка пяро і чарніліца адышлі на другі план.

У экспазіцыі сабраны арыгіналы і факсіміле першых друкаваных кніг ХV-XVII стст., прывезеных з Германіі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Славакіі і Славеніі. У прыватнасці, з Германіі прывезлі 42-радковую Біблію Іагана Гутэнберга 1450-х гадоў, а з Латвіі — адзін з лепшых экземпляраў Статута ВКЛ (1588 год), які захаваўся. У ліку экспанатаў таксама факсіміле тэкста святога Пятра, які ўвайшоў у Біблію. Яго перадалі з Ватыкана, дзе знаходзіцца і арыгінал.

Цэнтральнае месца адведзена арыгінальным выданням Францішка Скарыны з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія ўбачылі свет у Празе і Вільні ў 1517-1525 гг.

Экспазіцыя будзе працаваць з 15 верасня да 31 снежня. Наведвальнікаў чакаюць экскурсіі, тэматычныя заняткі і майстар-класы.

Абноўлена 05.10.2017 12:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа