13 верасня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы недалёка ад Гродна. Традыцыйна ў 13-ы дзень месяца тут успамінаецца Маці Божая Фацімская.
Сёлетні ўспамін мае больш багатае вымярэнне. Найперш таму, што ён адзначаецца ў юбілей 100-годдзя фацімскіх аб'яўленняў, а таксама таму, што сёлета зарачанская парафія святкуе 80-годдзе кансэкрацыі свайго касцёла, якая адбылася ў 1937 г.
Вернікі цёпла сустрэлі арцыбіскупа Кандрусевіча, які ў 1990 г. паўторна асвячаў гэты касцёл пасля вяртання яго вернікам.
У гаміліі Мітрапаліт узгадаў тую кранаючую падзею, калі дарога да касцёла праз усю вёску была ўсцелена кветкамі. Так вернікі, якія ў часы ганенняў доўгія дзесяцігоддзі заставаліліся без Божага дома, выказвалі сваю радасць ад яго вяртання.
Дату асвячэння касцёла ў 1937 г. іерарх назваў вельмі сімвалічнай. Па словах арцыбіскупа, менавіта ў 1937 г. на ўсходзе Еўропы бальшавіцкі тэрор дасягнуў свайго апагею, а на Захадзе набіраў моц нацызм. Абодва рэжымы ненавідзелі адзін аднаго, але і адзін, і другі ненавідзелі Касцёл. І ў такі час у Зарачанцы паўстаў касцёл, каб несці людзям, якія з двух бакоў адчувалі пагрозу, надзею.
Мітрапаліт Кандрусевіч падкрэсліў значэнне касцёла як месца спаткання чалавека з Богам. Яно, як адзначыў арцыпастыр, адбываецца праз чытанне Божага слова, праз цэлебрацыю сакрамэнтаў, найперш Эўхарыстыі, а таксама праз іншую дзейнасць, асабліва праз дабрачыннасць.
“Пасля сацыяльна-палітычных перамен, якія адбыліся ў нашай Бацькаўшчыне на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, у зарачанскім касцёле ізноў пасля доўгага перарыву адбываецца гэтае спатканне чалавека з Богам, - сказаў іерарх. - Гэта сталася дзякуючы ажыццяўленню прадказанага Марыяй 100 гадоў таму ў Фаціме духоўнага адраджэння нашай зямлі. Тады, у ахінаючай Усходнюю Еўропу цемры, Марыя сваім прароцтвам запаліла святло надзеі. Яна заклікала да малітвы і навяртання, як умовы прадухілення наступстваў ідэалагічнага атэізму, задачай якога было з зямлі, якая амаль 1000 гадоў таму прыняла веру, зрабіць духоўную пустыню”.
Як дадаў арцыбіскуп, “прадказаны Марыяй 100 гадоў таму працэс духоўнага адраджэння распачаўся чвэрць стагоддзя таму, і яго вынікі бачныя няўзброеным вокам”: паўсталі нармальныя структуры Касцёла, семінарыі, манаскія супольнасці, касцёльныя рухі, развіўся пілігрымкавы рух, каталіцкія медыя і г.д. Беларускі Касцёл цешыцца павагай і на міжнароднай арэне. Так, з 28 верасня па 1 кастрычніка ў Мінску адбудзецца Пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы. “Гэтая галоўная падзея Касцёла ў Еўропе ў гэтым годзе праходзіць у нашай краіне, - сказаў іерарх. - У гэтым годзе мы таксама адзначаем 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Ватыканам”.
“Аднак над гэтым святлом, падобна як 100 гадоў таму, з'яўляюцца хмары секулярызму, які замест духоўнасці прапагандуе антыдухоўнасць, - дадаў Мітрапаліт. - Некалькі дзён таму на сайце Капыльскага раённага аддзела адукацыі з'явілася інфармацыя пра тое, што шматдзетныя і рэлігійныя сем'я з'яўляюцца сацыяльна небяспечнымі. Кожны здарова думаючы чалавек задаецца пытаннем: ці сапраўды афіцыйная дзяржаўная ўстанова магла такое зрабіць? Як высветлілася, сапраўды”.
“Мы памятаем нядаўнюю спробу забараніць медработнікам насіць знакі рэлігійнай прыналежнасці або прыняцце плану па гендарнай палітыцы, і, натуральна, узнікае пытанне: як гэта зразумець? Не інакш, як новае, часам закамуфляванае, наступленне на рэлігію. Беларусь, не з'яўляючыся членам Еўрасаюза, пераймае яго найгоршыя прыклады, якія вядуць да згублення нашай хрысціянскай традыцыі і хрысціянскіх каранёў, без якіх мы духоўна засохнем”, - звярнуў увагу Мітрапаліт.
“Дзе шукаць паратунку? Рэцэпт пакінула нам Марыя. А менавіта – малітва і навяртанне”, - падкрэсліў іерарх.
“Каля ўваходу ў зарачанскі касцёл бачна трэснутая бетонная пліта. Адкуль трэшчына? Гэта знак атэістычнага мінулага. Калі касцёл канфіскавалі і закрылі, то таксама скінулі статую Марыі, што знаходзілася над уваходам. Падаючы ўніз, статуя разбіла бетон. Гэта вельмі сімвалічна. Сваім фацімскім пасланнем Марыя разбіла бетон атэізму”, - адзначыў арцыбіскуп.
Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў вернікаў, каб у наш складаны час яны даверыліся Панне Марыі, бо Яна “здольная разбіць бетон секулярызму”.