Пошук

08.09.2017 07:56   Catholic.by

Тэкст паслання на польскай мове >>>

Ідзіце навучайце, адказваючы на выклікі сучаснай катэхізацыі

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагія катэхеты, дзеці і моладзь!

1.    Распачаўся новы навучальны год. Дзеці пайшлі ў школу, судэнты — ва ўніверсітэт, каб паглыбляць свае веды і рыхтавацца да самастойнага жыцця. Адукацыя адыгрывае вельмі важную ролю як у жыцці паасобнага чалавека, так і ўсяго грамадства, што асабліва важна ў наш час, калі навука і сучасныя тэхналогіі развіваюцца з касмічнай хуткасцю. Прамядленне вядзе да згубных наступстваў.

Аднак акрамя вывучэння матэматыкі, фізікі, хіміі, філасофіі, медыцыны, гісторыі, мастацтва, замежных моваў і г.д. неабходна таксама клапаціцца і пра духоўную фармацыю, бо чалавек — гэта не толькі цела, але і душа. Таму адным з фундаментальных заданняў Касцёла з’яўляецца евангелізацыя, якая вядзе чалавека не толькі да спаткання з Хрыстом, але і да еднасці з Ім, а таксама да сталасці ў веры, яе вызнанні і аднаўленні выплываючых з яе абавязкаў, чытаем у Агульным дырэкторыі па катэхізацыі (пар. ОКР 80. 82).

Таму катэхізацыя павінна знаходзіцца ў цэнтры касцёльнай дзейнасці. Нездарма папа Бэнэдыкт XVI падчас візіту беларускіх біскупаў Ad limina aposolorum («Да апостальскіх парогаў») у 2009 г. заклікаў да далейшага развіцця катэхізацыі, каб яна паказвала шлях веры на ўсіх этапах жыцця чалавека і каб былі створаны абставіны, у якіх пасланне Хрыста магло б дасягнуць кожнага асяроддзя (пар. http://files.knihi.com/Knihi/carkva-gazeta/Carkva63.pdf).

2.    Слова «катэхізацыя» паходзіць з грэцкага слова katecheo. Літаральнае яго значэнне — гэта «прамаўляць з гары» або «выклікаць рэха». Пазней яно пачало ўспрымацца як навучанне. У касцёльным значэнні яно азначае такое абвяшчэнне Евангелля Хрыста людзям, каб яно адгукнулася ў іх сэрцах моцным рэхам з мэтай іх перамяніць. Cвяты Ян Павел II у Апостальскай адгартацыі пра катэхізацыю вучыць, што яе сутнасць у пазнанні асобы Езуса Хрыста, нашага Збаўцы, які з’яўляецца «Дарогай, праўдай і жыццём» (Ян 14, 6). А сапраўднае хрысціянскае жыццё заключаецца ў наследаванні Хрыста дзеля з’яднання з Ім (пар. СТ 5). Галоўнай мэтай катэхезы з’яўляецца развіццё веры з Божай дапамогай (пар. СТ 20).

Умацаваныя Духам Святым апосталы сумленна выконвалі запавет Езуса ісці і навучаць усе народы (пар. Мц 28, 19). І мы таксама павінны чыніць падобна.

У наш час, калі ўмацоўваецца секулярны стыль жыцця, які не прызнае Бога, і калі расце рэлігіны анальфабетызм, усё больш актульнымі з’яўляюцца словы св. апостала Паўла, які недвухсэнсоўна пытаецца: як людзі могуць верыць у таго, пра каго ніколі не чулі (пар. Рым10, 14)? Гэта значыць, што нам неабходна сеяць зерне веры ў душы сучаных дзяцей, моладзі і дарослых, якія павінны быць сведкамі веры для маладога пакалення.

3.    Каб абвяшчэнне Добрай Навіны было эфектыўным і мы маглі ісці наперад, нам неабходна лепей разумець выклікі і магчымасці сучаснай культуры і глабалізаванага свету.

Дзякуй Богу, мы жывём у часы свабоды веравызнання, аднак усё часцей праяўляюцца тэндэнцыі «прыватызацыі» веры, каб толькі не несці яе ў школу, універсітэт, публічнае і грамадскае жыццё. Сведчаннем гэтаму можа быць спроба Міністэрства аховы здароўя забараніцуь насіць знакі рэлігійнай прыналежнасці працаўнікам медыцыны. Дзякуй Богу гэты праект быў адпраўлены на дапрацоўку (пар.https://www.kp.by/daily/26624.5/3642344). Зусім нядаўна Міністэрства адукацыі палічыла немэтазгодным вывучэнне тэмы аб Праваслаўнай Царкве і Каталіцкім Касцёле на ўроках гісторыі ў школах (пар. http://krynica.info/ru/2017/08/18/minobrazovaniya-izuchenie-temy-pravoslavnaya-cerkov-i-katolicheskijj-kostel-necelesoobrazno/). Такім чынам, мы бачым выразнае імкненне не да свабоды рэлігіі, але да свабоды ад рэлігіі.

Сучасныя СМІ валодаюць думкамі не толькі маладых, але і дарослых людзей. Яны могуць дапамагаць у евангелізацыі і катэхізацыі. Але ў той жа час іх значэнне можа быць дэструктыўным. Сёння тэлебачанне, радыё, часопісы, відэа, кіно і асабліва інтэрнэт валодаюць сэрцамі, думкамі і ўяўленнямі людзей.

Змяняецца і культура, якая замест таго, каб быць духоўнай — адпаведна кораню слова «культ», — усё часцей становіцца бездухоўнай.

Гэтае і многае іншае —  тая глеба, у якую мы павінны сеяць пасланне Хрыста. Здаецца, што гэта заданенне нам не па сіле. Аднак гісторыя Касцёла вяртае нам надзею, бо выклікі былі заўсёды і заўсёды іх неабходна было перамагаць. Мы павінны памятаць словы Езуса, што брамы пякельныя не перамогуць Касцёл (пар. Мц 16, 18), што зведала і наша краіна.

Кожнае пакаленне мае свае выклікі, і Дух Святы ўзбуджае новых святых, вялікіх евангелізатараў і катэхетаў, каб сеяць слова Евангелля, вучыць людзей праўдам веры і ўмацоўваць у ёй у кожны час і ў кожным месцы. Таму ў наш няпросты час, калі так многа людзей знаходзіцца на скрыжаванні сваіх жыццёвых дарог, нам неабходна сеяць зерне веры ў іх душы, перадусім у душы дзяцей і моладзі.

4.     Больш чым сто гадоў таму вялікі лідар каталіцкага адраджэння ў Англіі благаслаўлёны Джон Ньюман казаў, што яму патрэбны свецкія людзі моцнай веры, якія будуць здольнымі перадаваць яе іншым (пар.www.catholiceducation.org/en/culture/catholic-contributions/newman-and-the-laity.html). Такімі былі нашы бацькі, дзядулі і бабулі ў часы ганенняў на Касцёл. Менавіта яны ўсклалі на свае плечы адказнасць за катэхізацыю. Як умелі, так і вучылі маладое пакаленне праўдам веры і сваім прыкладам яе ўмацоўвалі. Распрачыналі і завяршалі дзень малітвай. У нядзелю і святы ішлі да касцёла, каб памаліцца, нават калі там не было святара.

А як сёння? Бацькі цешацца, што святар, законніца ці катэхет падрыхтуюць дзяцей да першай споведзі і святой Камуніі. Сапраўды, гэта вельмі важна, аднак далёка не дастаткова. Яблыка не падае далёка ад яблыні. Лацінская прымаўка кажа: Verba movunt, sed exempla trahunt — «Словы штурхаюць, а прыклады цягнуць».

Таму прыклад бацькоў з’яўляецца вельмі важным, і ад яго ніхто не можа быць вызвалены. Прыкладам сумленнага хрысціянскага жыцця, штодзённай малітвай, удзелам у нядзельнай св. Імшы, частай споведдзю і прыняццем св. Камуніі яны пакліканы замацаваць веды, атрыманыя на ўроках катэхезы. Трэба памятаць, што дзеці будуць жыць верай бацькоў, калі самі бацькі будуць ёй жыць. Калі мы застаёмся вернымі Хрысту і нашай місіі, тады дзеці будуць бачыць, што пілігрымка веры — вельмі каштоўная справа. Вось гэта і ёсць адказ на ўскладзеную на нас місію: ідзіце і ўчыніце вучнямі Хрыста ўсе народы (пар. Мц 28, 19).

У Дзеях Апосталаў сказана, што першыя хрысціяне пастаянна прабывалі ў вучэнні апосталаў, зносінах паміж сабой і малітве (пар. Дз 2, 42). Мы добра ведаем, што час з’яўляецца найбольш каштоўнай рэчаіснасцю. Мы яго праводзім, трацім, захоўваем. Рытм нашага жыцця расце з дня на дзень, ад спаткання да спаткання, ад аднаго тэлефоннага званка да іншага і г.д. У выніку, у нас не застаецца часу на духоўную фармацыю і разважанні пра нашу веру. Але ці можа ўзрастаць вера без малітвы, чытання Святога Пісання і ўдзелу ў сакрамэнтальным жыцці і набажэнствах, асабліва Эўхарыстыі? Ёсць многа спосабаў як пазнаць, што азначае быць католікам, але ніводны з іх не з’яўляецца больш важным і поўным, як удзел у нядзельнай святой Імшы.

Таму мы павінны адказаць на пытанне, як мы выкарыстоўваем дадзены нам Богам час. Нашы жыццёвыя календары павінны адлюстроўваць нашы прыярытэты. У іх абавязкова павінна быць месца для малітвы і іншых рэлігійных практык.

Усё гэта нагадвае пра неабходнасць катэхізацыі дарослых. Мы павінны памятаць, што калі чагосьці не маем, то і не зможам гэтага даць іншым. А дзеці і моладзь чакаюць.

Сусветны Дзень моладзі, які адбыўся ў мінулым годзе ў Кракаве, яшчэ раз паказаў маладосць Касцёла, нягледзячы на тое, што Еўропа старэе. Паказаў ён і тое, што моладзь адчувае голад веры і смагу праўды Хрыста, каб не плыць па плыні секулярызму, але супраць яе. Таму нам неабходна дасягнуць думак і сэрцаў маладых, каб падрыхтаваць іх да будучых, можа, нават больш складаных, выклікаў, чым сучасныя.

5.    Катэхізацыя ўяўляе сабой нешта большае, чым адукацыю, яна з’яўляецца паглыбленнем усяго хрысціянскага жыцця з мэтай наследаваць Хрыста (пар. ОКР 67). Таму катэхізацыяй павінны займацца адпаведна падрыхтаваныя асобы — катэхеты. Дзякуй Богу, ужо восьмы год дзейнічае Мінскі тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля. Ён ужо падрыхтаваў нямала катэхетаў, якія паспяхова працуюць у парафіях нашай архідыяцэзіі і не толькі. Штогод Катэхетычны аддзел Мінска-Магілёўскай курыі праводзіць спецыяльныя семінары па павышэнні кваліфікацыі катэхетаў.

Падрыхтоўка настаўнікаў рэлігіі — гэта нішто іншае як частка пастырскага плану па катэхізацыі. Катэхеты павінны быць добра падрыхтаваныя для паспяховай катэхізацыі ў абставінах новых выклікаў і праблем, з якімі сутыкаецца сучасны свет і наша грамадства.

Сучасны свет можа прапанаваць маладому чалавеку многае. Калі мы хочам, каб у ім знайшлося месца для навукі Хрыста, то павінны шукаць такія метады яе абвяшчэння, каб яна стала прывабнай. Таму катэхеты павінны валодаць не толькі тэарытычнымі ведамі, але і адпаведнай духу часу практыкай катэхізацыі.

Яны таксама павінны быць сумленнымі, жывучымі, паводле хрысціянскай этыкі, людзьмі. Да сведчання сваім жыццём праўдаў, якія пераказваюць вучням, заахвочвае іх папа Францішак (пар. m.vatican.va./content/ francescomobile/ it/angelus/2016/documents/papa-francesco_angelus_20160925.html).

6.    Нельга паспяхова праводзіць катэхізацыю без адпаведна падрыхтаванага плану, які павінен адпавядаць шматступеньчатай Праграме катэзізацыі, зацверджанай Канферэнцыяй Біскупаў. Таму ў кожнай парафіі павінен быць апрацаваны такі план. Але гэтага яшчэ мала. Акрамя добра апрацаванага плану катэхізацыі, неабходна таксама праводзіць яе ацэнку. Мы добра ведаем, што час ад часу на прадпрыемствах ці іншых арганізацыях праводзіцца аўдыт. Робіцца гэта з мэтай выяўлення недахопаў і паляпшэння вынікаў працы. Без ацэнкі немагчымы прагрэс, таксама павінна быць і ў галіне катэхізацыі. Бацькі, якія пасылаюць сваіх дзяцей на катэхізацыю, чакаюць большага і маюць на гэта права. Чакае гэтага і Касцёл. Таму нам неабходны самакантроль у галіне катэхізацыі, а таксама адпаведны клопат Катэхетычнага аддзела курыі ў гэтай важнай справе.

7.    Дарагія бацькі, дзеці і катэхеты!

Калі мы імкнёмся ісці наперад у будучыню, то павінны заўсёды памятаць, што перадача каталіцкай веры праз катэхезу — гэта перадусім падзея Божай ласкі, якой нас адорвае Дух Святы. Нездарма св. Ян Павел II кажа, што катэхеза, якая з’яўляецца ўзрастаннем у веры і хрысціянскім жыцці, з’яўляецца справай Духа Святога (пар. СТ 72). Таму ў працэсе катэхізацыі неабходна даць месца дзеянню Духа Святога і Божай ласкі.

Калі мы дазволім ім дзейнічаць у нашым сэрцы, то будзем людзьмі веры заўтрашняга дня, здольнымі паспяхова адказваць на выклікі часу і бараніць хрысціянскія каштоўнасці, асабліва супрацьстаяць глабалізацыі зла. Станем таксама сапраўднымі вучнямі Хрыста, каб выконваць даручаную нам місію ў адпаведным месцы і ў адпаведны час.

Давяраючы ўсіх вас апецы Марыі, з надзеяй, што гэтыя пажаданні рэалізуюцца, на новы катэхетычны год ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 8 верасня 2017 г.
Свята Нараджэння Марыі


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1.    Ян Павел II. Апостальская адгартацыя “Сatechesi tradendаe” (CT).
2.    Конгрэгация по делам духовенства. Общее катехитическое руководство. СЦДБ – Гатчина, 2002 (ОКР).
3.    https://www.kp.by/daily/26624.5/3642344.    
4.    http://krynica.info/ru/2017/08/18/minobrazovaniya-izuchenie-temy-pravoslavnaya-cerkov-i-katolicheskijj-kostel-necelesoobrazno/.
5.    http://files.knihi.com/Knihi/carkva-gazeta/Carkva63.pdf.
6.    www.catholiceducation.org/en/culture/catholic-contributions/newman-and-the-laity.html.
7.    m.vatican.va./content/francescomobile/it/angelus/2016/
documents/papa-francesco_angelus_20160925.html.

P.S.    Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае пасланне вернікам у нядзелю 10 верасня.

Абноўлена 11.09.2017 12:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.