Пошук

29.08.2017 09:17   Catholic.by

29 жніўня Касцёл узгадвае мучаніцтва св. Яна Хрысціцеля. Аб ахвяры і смерці апошняга прарока Старога Запавету і першага прарока Новага Запавету распавядае ўрывак з Евангелля паводле Марка, прызначаны на гэты дзень.

Ірад Антып зняволіў Яна Хрысціцеля за тое, што публічна крытыкаваў недазволенае сужыццё гэтага цара з Ірадыядай, жонкай роднага брата Ірада. Аднак зняволенне не задаволіла Ірадыяду: «А Ірадыяда злавалася на яго і хацела забіць, але не магла, таму што Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек справядлівы і святы, і аберагаў яго».

Падчас урачыстага банкету цару вельмі спадабаўся танец дачкі Ірадыяды Саламеі, і ён паабяцаў даць ёй за гэта любую ўзнагароду. Помслівая жанчына скарысталася неасцярожнасцю цара і падбухторыла дачку прасіць у яго галаву Яна Хрысціцеля.

Ірад выканаў абяцанне, і святы быў забіты. Гэта адбылося каля 30 года.

Ян Хрысціцель з'яўляецца апошнім прарокам Старога Запавету і першым прарокам Новага Запавету. Ён першы святы, якога пачалі ўшаноўваць у гісторыі Касцёла. Святы Ян Хрысціцель з’яўляецца апекуном многіх гарадоў і краінаў. Успамін святога адзначаецца 24 чэрвеня.

Ян Хрысціцель — адзіны са святых, чые дзень нараджэння і дзень мучаніцкай смерці аднолькава ўшаноўваюцца Касцёлам. Ва ўсходняй Царкве ў дзень Адсячэння галавы святога праведнага Яна Хрысціцеля захоўваюць сціслы пост.

Абноўлена 12.08.2018 17:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця