25 жніўня ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе (мікрараён Індустрыяльны) біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у саслужэнні дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага асвяціў касцёл св. Юзафа Каласанса.
У парафіяльным свяце прынялі ўдзел правінцыял Польскай правінцыі ордэна піяраў а. Юзаф Матрас SP, айцы піяры з-за мяжы, сабраты з Беларусі, дыяцэзіяльныя святары, прадстаўнікі мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў, генеральны консул Рэспублікі Польшча ў г. Гродна Яраслаў Ксёнжэк.
У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч прыгадаў, што асвячэнне святыні азначае поўнае яе ахвяраванне Богу, а праз памазанне алтара алеем хрызма ўвесь касцёл атрымлівае місію — весці людзей шляхам збаўлення.
«Для піярскай супольнасці ў Беларусі 2017 год з’яўляецца годам урачыстасцяў, бо да двух юбілеяў, якія святкуе ордэн піяраў — 400-годдзе існавання ордэна і 250-годдзе з дня кананізацыі св. Юзафа Каласанса, — далучылася ўрачыстасць кансэкрацыі касцёла св. Юзафа Каласанса ў Лідзе», — падкрэсліў іерарх.
Пасля гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч намасціў алеем алтар, а біскуп Юзаф Станеўскі памазаў хрызмам сцены касцёла ў чатырох месцах. Алтар і сцены святыні былі акаджаны кадзілам, што сімвалізуе малітву, якая будзе ўзносіцца ў гэтым месцы. Алтар быў засцелены белым абрусам. Затым на алтары запалілі свечкі — на знак таго, што ў гэтым месцы ззяе святло Хрыстовае.
Пасля эўхарыстычнай працэсіі вакол касцёла а. Юзаф Матрас SP ад імя Польскай правінцыі ордэна піяраў звярнуўся да вернікаў і гасцей парафіі.
У сваім слове а. Юзаф нагадаў, што піяры прыбылі ў Ліду яшчэ ў 1756 годзе, і з таго часу гісторыя ордэна вельмі цесна звязана з Лідай. Тут яны зведалі часы як радасці, так і болю: будаўніцтва касцёла і калегіума, заснаванне школы, скасаванне ордэна царскімі ўладамі, пераслед з боку савецкай улады.
«Але сёння, аналізуючы мінулае, мы можам з упэўненасцю сказаць, што Божы Провід заўсёды суправаджаў піяраў, — дадаў а. Юзаф Матрас SP, пасля чаго звярнуўся да пробашча а. Андрэя Агеля SP. — Толькі табе і Богу вядома, колькі тысяч кіламетраў давялося праехаць, колькі гамілій трэба было прамовіць, колькі, здавалася б, невырашальных праблем было, каб пабудаваць гэтую прыгожую святыню. Але ўсё на хвалу Божую».
На заканчэнне ўрачыстасці а. Андрэй Агель SP падзякаваў усім, хто прычыніўся да будаўніцтва святыні. Асаблівым чынам а. Андрэй узгадаў а. Віктара Занеўскага SP, які распачынаў будаўніцтва касцёла, падзякаваў вікарыю парафіі а. Аляксандру Махначу SP, хору «Каласанс» са Шчучына, усім парафіянам і гасцям парафіі.