«Фацімскі заклік Марыі – новы шанец для сучаснага свету» – пад такім дэвізам 18-19 жніўня ў браслаўскім санктуарыі прайшлі ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў.
З году ў год сюды прыбывае ўсё большая колькасць тых, хто жадае даверыць Найсвяцейшай Панне Марыі свае радасці і надзеі, смутак і клопаты. Павялічваецца колькасць пілігрымак – гэтым разам у Браслаў іх прыбыло шэсць: пешыя з Мёраў, Глыбокага, Далёкіх і Пагошчы, роварныя з Пастаў і Параф’янава. Пры ўваходзе іх вітаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, шчодра акрапляючы стомленых пілігрымаў асвечанай вадой і запрашаючы ў святыню, да стопаў Маці Божай Валадаркі азёраў.
Імшу для пілігрымаў узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Да хрысціянскага сведчання ў сучасным свеце заклікаў прысутных іерарх у сваёй гаміліі, адзначаючы патрэбу гэтага сведчання, а таксама тое, што, нягледзячы на тыя пераследы, якія вельмі часта чакаюць сведку Езуса Хрыста, гэта дае свой вялікі плён для духоўнага жыцця іншых людзей.
Сярод іншага, біскуп распавёў кранальную гісторыю пра адну з першых сваіх пілігрымак, у якой ён удзельнічаў, будучы семінарыстам. Калі пілігрымы, спяваючы і молячыся, праходзілі праз вёску рэлігійна занядбанага рэгіёну, вясковыя дзеці здзіўлена спыталі, ці не з неба сышлі гэтыя пілігрымы, на што атрымалі адказ: «Мы спрабуем туды ісці!»
Урачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў трываюць на працягу сутак, падчас якіх кожная хвіліна напоўнена малітвай і праслаўленнем Бога.
Уначы вуліцы Браслава асвятліліся сотнямі агеньчыкаў запаленых свечак у руках вернікаў, якія прымалі ўдзел у ружанцовай малітве і працэсіі. Пасля цэлебравалася Імша апоўначы, якую перад абразом Маці Божай служыў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.
Падзякай за дар святарства ўраджэнцаў браслаўскай зямлі была ранішняя літургія перад абразом Маці Божай Валадаркі азёраў – каля алтара, дзе нараджаліся шматлікія пакліканні да служэння Богу. Напрыканцы Імшы дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які ўзначаліў яе, звярнуўся да вернікаў з просьбай памятаць у малітве пра памерлых святароў.
Галоўную Імшу 19 жніўня на палявым алтары ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. На Імшы прысутнічалі шматлікія прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу ў Рэспубліцы Беларусь, прадстаўнікі органаў улады Браслаўскага раёна і Віцебскай вобласці.
Імшу канцэлебравалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, часовы павераны ў cправах Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Чад, ксёндз Аляксандр Рагіня, чыя родная парафія – у Лучаях, кіраўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё ксёндз Аляксандр Амяльчэня, а таксама шматлікія святары Віцебскай дыяцэзіі і Кангрэгацыі ксяндзоў сальватарыянаў, якія апякуюцца дыяцэзіяльным санктуарыем.
Вітаючы арцыбіскупа Габара Пінтэра на Браслаўшчыне, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч заклікаў яго «адчуць прыгажосць гэтай зямлі і прыгажосць сэрцаў вернікаў».
У прывітальным слове Апостальскі Нунцый падзякаваў Богу за магчымасць наведвання гэтага прыгожага санктуарыя, куды ён прыехаў упершыню, і заахвоціў яшчэ раз паразважаць над значэннем аб’яўлення Панны Марыі ў Фаціме: «Маё сэрца напаўняе радасць і надзея, таму што магу быць сведкам таго, як на маіх вачах рэалізуецца дэвіз гэтай урачыстасці: "Фацімскі заклік Марыі – новы шанец для сучаснага свету"».
Звяртаючыся да шматлікіх вернікаў, арцыбіскуп адзначыў: «Я перакананы ў тым, што ніхто з вас не вернецца дадому расчараваным, бо, акунуўшыся ў гэтую цудоўную атмасферу, беручы за прыклад Марыю, вучачыся ад Яе давяраць Богу, немагчыма, каб тваё жыццё засталося без зменаў».
У сваю чаргу, я давяраю Багародзіцы кожнага з вас, просячы Яе, каб яшчэ раз шапнула на вуха кожнаму: "Бог Цябе любіць, давярай Яму, бо для Бога няма нічога немагчымага, і менавіта ў гэтым – твой шанец!"
У гаміліі Апостальскі Нунцый нагадаў абставіны таго як Бог аб'явіў сваю волю пра нараджэнне Дзевы Марыі і прыйсця на свет Яе Сына. Паводле слоў іерарха, Бог узяў на сябе ініцыятыву і прыйшоў нават да тых, хто знаходзіўся на перыферыі грамадства.
«[Такім чынам Бог] вырашыў увайсці ў нашыя дамы, у нашую паўсядзённую барацьбу, напоўненую трывогамі і адначасова – мноствам жаданняў. З гэтага моманту ў нашых гарадах, у нашых школах і ўніверсітэтах, на нашых плошчах і ў нашых бальніцах працягвае гучаць найпрыгажэйшае прывітанне, якое толькі можна пачуць: "Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою"», — падкрэсліў іерарх.
Распазнаўшы Божую волю, Багародзіца, як і кожны іншы чалавек, адчула сябе збянтэжанай. «Гледзячы на збянтэжанасць Марыі, як і на збянтэжанасць кожнага з нас, прымем падказкі, якія дае нам анёл [Габрыэль], каб дапамагчы нам прыняць місію, якая была нам даверана», – заклікаў арцыбіскуп.
«Першае, што робіць анёл, – абуджае памяць, тым самым адкрываючы рэчаіснасць Марыі на ўсю гісторыю Збаўлення [...] Таксама і мы сёння запрошаны абудзіць нашу памяць, каб паглядзець на нашае мінулае, каб не забыцца, адкуль мы прыйшлі. Не забыцца пра нашых продкаў, нашых бабуль і дзядуляў, пра ўсё, праз што яны прайшлі, каб дасягнуць таго, дзе мы знаходзімся сёння» , — звярнуў увагу іерарх.
Памяць дапамагае нам не заставацца вязнямі выступленняў, якія сеюць раздзяленне, як адзіны спосаб вырашэння канфліктаў. Абуджэнне памяці дапамагае пазбегнуць спакусы чароўнага вырашэння праблемаў пры дапамозе падзелу і адчужэння ад Бога і іншых людзей.
Працягваючы разважанне пра значэнне памяці для ідэнтычнасці чалавека, Апостальскі Нунцый падкрэсліў: «Памяць дазваляе Марыі адчуць сябе прыналежнай да Божага народу. Карысным для нас з’яўляецца памяць аб тым, што мы – члены Божага народу!».
Іерарх заклікаў вернікаў пастаянна нагадваць сабе словы, якімі заканчваецца адказ анёла Габрыэля на здзіўленне Марыі: «Для Бога няма нічога немагчымага».
«Для Бога няма нічога немагчымага» – паўтараем сабе гэта зноў і зноў, кожны раз, калі здаецца, што няма выйсця, што тая ці іншая сітуацыя пераўзыходзіць нашыя магчымасці. Бог мацнейшы за ўсё і ўсіх, давяраем Яму!
Апостальскі Нунцый заўважыў, што адкрытасць на дзеянне Божай ласкі і на Божыя парады дазволіла беларускаму народу ўчыніць так шмат дабра для жыцця ўсяго Касцёла.
На завяршэнне гаміліі іерарх звярнуўся да Найсвяцейшай Панны Марыі са словамі малітвы аб заступніцтве за ўсіх тых, хто патрабуе апекі «нашай нябеснай Мамы», скончыўшы яе заклікам: «Марыя, навучы кожнага верыць так, як верыла Ты».
Напрыканцы ўрачыстасці біскуп Віцебскі Алег Буткевіч падзякаваў тут, ля стопаў Маці Божай Валадаркі азёраў, за службу прэзбітэрам, якія сёлета адзначалі 20-, 30- і 40-годдзе святарства і якія нясуць служэнне ў Віцебскай дыяцэзіі.
Таксама іерарх заклікаў прысутных маліцца аб тым, каб гэтая зямля давала новыя, шматлікія пакліканні да святарскага жыцця. Памяткі з гэтай нагоды святарам уручыў Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр.