Удзелам у музычным аздабленні цэнтральнай урачыстай Імшы ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў на палявым алтары 19 жніўня скончыла сваю працу Школа касцёльнага спеву, што прайшла ўжо другі раз на базе парафіі ў Браславе з 14 па 19 жніўня.
Гэтым разам на заняткі па касцёльным спеве ў Браслаў прыехала каля 50 чалавек з розных мясцін Беларусі – дзеці і дарослыя, свецкія і кансэкраваныя асобы. Да іх далучылася некалькі дзясяткаў мясцовых вернікаў. Такім чынам, усяго ў Школе касцёльнага спеву прыняло ўдзел каля 100 чалавек.
Хтосьці наведваў усе заняткі, якія праходзілі раніцай і ўвечары, большасць мясцовых, якія ўдзень працавалі, – толькі ўвечары, як напрыклад, Ванда Сіротка з суседняй парафіі ў Ахрэмаўцах. Амаль кожны дзень на працягу тыдня пасля працы яна прыязджала разам з некалькімі жанчынамі на рэпетыцыі хора.
Таццяна Абрамава некалькі гадоў таму пераехала на сталае жыхарства з Браслава ў Віцебск, але сувязі з роднай парафіяй не губляе, адмыслова прыязджаючы на ўрачыстасці Маці Божай Валадаркі азёраў, каб спяваць у хоры. Раней жанчына спявала ў парафіяльным браслаўскім хоры, таму тут ужо ўсё знаёмае – і магчымасці браслаўскіх харыстаў, і рэпертуар. Усе вечары ў Браславе яна праводзіла на рэпетыцыях аб’яднанага хору.
Валянціна Казакевіч, арганістка і кіраўнік хору з Друі, прыязджала на рэпетыцыі час ад часу. Разам з музыкантамі з Полацка і Наваполацка яна стварыла музычны квартэт, які рыхтаваў сваю праграму для ўдзелу ва ўрачыстасцях.
Іна Сапун, кіраўнік хору санктуарыя Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе, якая разам з Уладзімірам Неўдахам, галоўным арганістам мінскага архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і выкладчыкам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, з’яўляецца ініцыятарам правядзення Школы, распавяла, што першапачаткова арганізацыя Школы касцёльнага спеву мела на мэце павысіць узровень мясцовага хору, каб ён спяваў на ўрачыстасцях у гонар Маці Божай Валадаркі азёраў.
«Кожны чалавек мае права і абавязак прыняць удзел у Літургіі. Пры гэтым хтосьці мае дар, дадзены Богам, – спяваць ці граць. Маё жаданне – каб спявалі ўсе, хто жадае. Каб кожны мог прынесці свой талент на алтар да Маці Божай. Гэта іх ахвяра. Нашыя вучні робяць гэта ад душы. Разам з тым яны прыносяць да Маці Божай свае інтэнцыі і свае просьбы», – адзначыла Іна.
Потым удзельнікі Школы едуць з гэтым набыткам у сваю парафію і там служаць для яе на іншым узроўні. Тут яны маюць магчымасць пераймання досведу, набыцця адпаведных нотаў
Вольга Янум, рэгент хору храма ў гонар іконы Багародзіцы «Усіх засмучаных радасць» у Мінску і выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, прыехала сюды ў якасці выкладчыка ўжо другі раз.
«Тут цудоўная творчая атмасфера. Таксама ад нашых вучняў тут адчуваецца вельмі моцная аддача – бо яны жадаюць навучыцца спяваць. Канешне, навучыцца прафесійна спяваць за тыдзень немагчыма, але тут слухачы атрымліваюць штуршок для развіцця голасу, засвойваюць асноўныя ключавыя моманты па тэхніцы дыхання».
Вольга Янум распавяла, што для сваіх вучняў яна распрацавала цэлую сістэму практыкаванняў для пастаноўкі голасу і правільнага дыхання падчас спеву, а таксама прыёмы на хуткую настройку перад спевам.
Вольга дадала, што з адной са сваіх вучаніц і дагэтуль падтрымлівае прафесійны кантакт – дзяўчына неаднаразова звярталася да яе па парады.
На працягу тыдня базамі для Школы касцёльнага спеву былі дзіцячая музычная школа Браслава і адзін з касцёльных будынкаў. Тут амаль у кожным пакоі літаральна з раніцы да вечара праходзілі заняткі і рэпетыцыі. Вучні школы працавалі ў дзвюх групах – дзіцячай і дарослай.
Дзіцячай кіравала Таццяна Брытко, мастацкі кіраўнік узорнага хору «Вішанька» агульнаадукацыйнай школы №115 г. Мінска і парафіянка архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе яна спявае ў хоры. Адпаведна, малодшая група рыхтавала свой рэпертуар для спеву на ўрачыстасцях.
Удзельніцы малодшай групы – дзяўчынкі з Мінска, Віцебска і Браслава. Усе яны актыўна ўдзельнічаюць у спевах у сваёй парафіі. Юля Рабкова з дзяцінства спявае у дзіцячым хоры, Таццяна Урбановіч з Браслава распавяла, што нядаўна яна разам з моладдзю сваёй парафіі стварыла свой музычны гурт, які спявае падчас адной з Імшаў у нядзелю. Сёстры Грышан – Каця і Юля – падчас урачыстасцяў у гонар Маці Божай Валадаркі азёраў спяваюць ужо трэці раз.
З дарослымі ж займаліся Вольга Янум і Уладзімір Неўдах. Дарэчы, заняткі адбываліся не толькі ў групах, але і індывідуальна. Выкладчыкі асабліва падкрэслівалі важнасць гэтага моманту, калі ты чуеш заўвагі, выказаныя іншым, каб самім не паўтараць гэтых памылак.
Усе вучні гэтай школы адзначылі, што для іх тыдзень вучобы ў Школе касцёльнага спеву – сапраўды вельмі плённы час.
Вікторыя Чэркасава з Опсы тут упершыню. Дзяўчына ўжо даўно актыўна дапамагае ў сваёй парафіі, спяваючы на Імшы. Аднак яна не мае музычнай адукацыі, і таму ўдзел ў занятках Школы для яе добрая магчымасць павысіць свой выканальніцкі ўзровень.
Алена Леўс прыехала з Барысава. Яна распавяла, што ў Касцёл прыйшла адносна нядаўна – паўтара гады таму, аднак стараецца служыць для парафіяльнай супольнасці сваім спевам.
Тут Алена не толькі вучылася спяваць, але і назапашвала ноты, каб пашырыць музычны рэпертуар сваёй парафіі.
Законныя сёстры, што прыехалі на Школу, так ці інакш нясуць служэнне ў парафіі, звязанае са спевам, таму для іх вельмі важная магчымасць вучобы тут.
Сястра Яна з Кангрэгацыі Сясцёр святой Ядзвігі ад Беззаганнай Багародзіцы Панны Марыі, што нясе служэнне ў парафіі ў Слуцку, адзначае, што для яе гэта найперш магчымасць абмяняцца досведам, навучыцца спяваць больш прафесійна, каб сапраўды спяваць на хвалу Божую.
Сястра Вераніка з Кангрэгацыі Сясцёр Кармэлітак ад Дзіцятка Езус, што служыць у Брэсце, адзначыла важнасць таго, што, нарэшце, і свецкія, і духоўныя асобы атрымалі ў Браславе магчымасць вучыцца менавіта касцёльнаму спеву.